Знайдзі Еўропу ў Беларусі — атрымай прыз!
Рух «За Свабоду» абвяшчае фотаконкурс «PRO-еўрапейскасць». Да ўдзелу ў ім прымаюцца здымкі, што ствараюць у беларусаў пазітыўны імідж Еўропы.
Кожны дзень жыхары Беларусі сустракаюцца з рэкламай, шыльдамі, абвесткамі, з якіх вынікае, што Еўропа — гэта добра, а еўрапейскае - гэта сінонім добрай якасці, таму паслугі і тавары адтуль прадстаўляюцца як найлепшыя.
На дасланых фота абавязкова павінны быць згадкі пра Еўропу ў пазітыўным ключы. Здымкі могуць быць знятыя на фотаздымач, мабільны тэлефон ці іншае прыстасаванне.
У асобнай намінацыі прымаюцца здымкі-"селфі" на фоне рэкламы еўрастылю і еўраякасці.
Фотаздымкі прымаюцца ў фотаальбом "Фотаконкурс" на старонцы Руху "За Свабоду" ў Facebook альбо на пошту info@pyx.by з пазнакай "Фотаконкурс".
Конкурс будзе доўжыцца да канца кастрычніка. Вынікі журы падвядзе за першы тыдзень лістапада.
Пераможца атрымае ў якасці прыза экскурсіўную паездку ў адну з еўрапейскіх краінаў. Другое і трэцяе месцы, а таксама першынство ў “селфі”-намінацыі будуць уганараваныя настольнымі гульнямі (“1514”, “Разам” і “Паўстанцы”).