Змітру Паліенку пагражае турэмны тэрмін у 6 гадоў
Пра гэта Зміцер паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Актывіст Зміцер Паліенка, раней асуджаны да трох гадоў хатняй хіміі, паведаміў у фэйсбуку аб тым, што пракурор вынес пратэст на прысуд па яго справе і патрабуе 6 гатоў зняволення.
«Увага сябры! Кропка ў маёй крымінальнай справе не пастаўлена! Кат вынес пратэст на прысуд суда! Мафіі Лукашэнка ўсё няймецца! Ён настойвае на пазбаўленні волі тэрмінам на шэсць гадоў строгага рэжыму! Барацьба працягваецца!» — напісаў актывіст на сваёй старонцы. Зміцер таксама размясціў фота пракурорскага пратэста.
Нагадаем, што спачатку Зміцера Паліенку абвінавачвалі па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 339 — распыленне пярцовага газу ў твар мужчыне на лесвічнай пляцоўцы; арт. 341 — нанясенне графіці ў Курапатах і на будынак на вуліцы Ахоцкай; ч. 1 арт. 130 — распальванне варожасці да супрацоўнікаў міліцыі ў размешчаным у інтэрнэце відэароліку; арт. 369 – абраза міністра (былога) МУС Ігара Шуневіча ў відэароліку.
Але нечакана ў дзень пачатку працэса стала вядома, што суд будзе разглядаць абвінавачванне Паліенкі толькі за распыленне пярцовага газу, а абвінавачванні па іншых артыкулах знятыя, бо ад іх адмовілася пракуратура.
Пракурор папрасіў суд прызнаць Змітра вінаватым і прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на шэсць гадоў, а на падставе закона «Аб амністыі» скараціць тэрмін на адзін год.
У выніку Паліенку прызналі вінаватым у асабліва злосным хуліганстве, яму вынеслі прысуд – 3 гады хатняй хіміі (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову). Мінус год Змітру “скінулі” па амністыі.
Паводле facebook.com