Зміцер Паліенка: Мне яшчэ да акцыі сказалі: «Круці адсюль педалі!..»

«Думаў, максімум, які мне могуць даць — гэта суткі ў следчым ізалятары на Акрэсціна. Але калі ў РУУС прыйшоў высокі начальнік з МУС, паказаў на нас з Канавалавым пальцам і сказаў: «На гэтых узбуджайце крымінальную справу», — вось гэта быў шок», — успамінае актывіст.

palienka_belapan.jpg


Пасля вызвалення раварыст Зміцер Паліенка распавёў сайту palitviazni.info пра сваю крымінальную справу, умовы ўтрымання ў СІЗА і зробленыя ўрокі з гэтай гісторыі.

Нагадаем, што Зміцера Паліенку затрымалі 29 красавіка падчас акцыі раварыстаў “Крытычная маса”. Каля паўгода актывіст знаходзіўся за кратамі, яго абвінавачвалі па артыкуле «гвалт ці пагрозу гвалту» ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў, а таксама ў вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў. На судзе віны сваёй Зміцер не прызнаў.

Калі б Зміцер атрымаў турэмны тэрмін, праваабаронцы маглі б прызнаць яго палітвязнем. У выніку актывіст атрымаў 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Таксама яму давядзецца прайсці лячэнне ад алкагалізму.

Як вам сёння ўспамінаецца тая акцыя? Хто, на ваш погляд, усё ж такі першы справакаваў канфлікт?

— Гледзячы з якога боку паглядзець на сітуацыю. Я не хаваю, што мы парушалі Правілы дарожнага руху, а з іншага — ДАІшнікі таксама ішлі на правакацыі, ствараючы аварыйную сітуацыю.

Але само затрыманне было для вас нечаканым?

— Не было, я ведаў, што гэта можа быць. І нават падрыхтаваў усе рэчы для ўтрымання ў СІЗА. Так зрабіў не таму, што рыхтаваў нешта надзвычайнае, а проста ў нашай краіне да гэтага трэба быць гатовым у любы час. Гэта мая асабістая выснова. Дарэчы, акцыя яшчэ не пачалася, а да мяне ўжо падышоў адзін “таптун” у “грамадзянцы” і сказаў: “Лепш адсюль круці педалі”.

Але, шчыра кажучы, думаў, што максімум, які мне могуць даць за акцыю, — гэта “суткі” ў следчым ізалятары на Акрэсціна. Ды і то наўрад ці, бо зараз жа ідзе “лібералізацыя” і замест арыштаў выпісваюць па максімуму штрафы. Але калі ў РУУС прыйшоў высокі начальнік з МУС, паказаў на нас з Канавалавым пальцам і сказаў: “На гэтых узбуджайце крымінальную справу” — вось гэта быў шок.

Ці складана вам даводзілася ў ізалятары?

— Напрыклад, у СІЗА на “Валадарцы” не асабліва складана, бо там больш-менш нармальнае стаўленне да арыштантаў, у многіх камерах ёсць “наглядчыкі”. Умовы, натуральна, не турысцкія, але ў камеры быў і тэлевізар, і машынка для галення…

Дарэчы, наша камера знаходзілася насупраць спецкалідора, дзе знаходзіліся тыя, хто чакаў пажыццёвага зняволення альбо расстрэлу. І “прадольныя” (так называлі тых, хто хадзіў па калідору) нярэдка падыходзілі і прасілі цыгарэты альбо гарбаты.

А яшчэ ля камеры быў ізалятар. Жудасць! Дзверы празрыстыя, з калідора чалавека можна бачыць, а ён вас не. Прыбіральня знаходзіцца акурат ля дзвярэй. Ды яшчэ і дзве відэакамеры за вамі назіраюць. Калі нас вадзілі гуляць, увесь час глядзелі, хто ў камеры. Апошні раз там была маладая дзяўчына, гадоў 25…

А вось СІЗА ў Жодзіна — гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Там, як кажуць, проста “не давалі жыцця”. Быў там адзін галоўны “опер”, якога называлі Берыя. Ён на яго і падобны быў па жорсткасці. З яго лёгкай рукі на мяне і складалі рапарты за нейкія нязначныя парушэнні. А такое парушэнне зарабіць зусім лёгка. Напрыклад, кожны аўторак у турме “абыход”. Гэта, калі адміністрацыя абыходзіць камеры і глядзіць, каб там быў парадак. І вось на адным з такіх Берыя знайшоў пыл у камеры і склаў на мяне рапарт. Увогуле, 7–8 рапартаў на мяне склалі. Я прынцыпова іх не падпісваў, таму што ведаў, адкуль “вушы растуць”.

— Было нейкае “асаблівае” стаўленне з боку адміністрацыі, улічваючы, што справа ў пэўным сэнсе была палітызаваная, а праваабаронцы нават збіраліся вас прызнаць палітвязнем…

— “Асаблівае” стаўленне было толькі ў Жодзіна. А вось у СІЗА ў Мінску мне часам хаця і пагражалі пераводамі ў іншыя камеры, але ў цэлым усё было нармальна.

Як, дарэчы, сукамернікі да вас адносіліся?

— З павагай і спачуваннем. У першыя дні ўвогуле вельмі дапамагалі і адзеннем, і іншымі неабходнымі рэчамі. І я вам шчыра скажу — амаль 99 працэнтаў арыштантаў цярпець не могуць гэты рэжым.

— Вы мелі ў камеры магчымасць сачыць за тым, што адбываецца ў краіне і вакол вашай справы?

— Безумоўна. Мне пісалі лісты сябры і знаёмыя, чытаў прэсу… Хаця некаторыя лісты не даходзілі да мяне, не даходзілі ад мяне альбо іх проста “замалёўвалі”. Цэнзура старалася.

Перад судом адчувалі ціск на сябе з боку сілавых структураў?

— Ціск быў толькі з боку ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Тыя казалі, што я адназначна атрымаю турэмны тэрмін, а таму прапаноўвалі прызнаць усю віну. Калі ж не пайду на “размову”, то, маўляў, буду катацца па камерах, ізалятарах і турмах.

Зміцер, а самі вы на які судовы вырак разлічвалі?

— За дзень да суда вельмі хваляваўся, не хаваю — перажываў. Разлічваў, што адправяць на “зону”, таму адпісаўся ўсім, каб збіралі неабходныя рэчы. Але вечарам, за дзень да суда, прыйшоў начальнік СІЗА альбо яго намеснік і шчыра мне сказаў: “Можаш паціху збіраць рэчы, паедзеш дадому”.

— 2 гады з адтэрміноўкай на 2 гады… Як ацэньваеце такое судовае рашэнне?

— Тое, што далі адтэрміноўку, — гэта паказвае новую палітыку беларускай улады, якой не выгодна, каб у краіне з’яўляліся новыя палітвязні. Грошы краіне патрэбны, вось і паказваюць так званую лібералізацыю. Ды і з беларускіх уладаў толькі-толькі Захад зняў санкцыі.

З аднаго боку, безумоўна, цудоўна, што я на волі. Але з іншага ў мяне зараз маецца шэраг абмежаванняў, я, што называецца, “пад каўпаком” у сілавікоў. Не магу нават удзельнічаць у нейкіх акцыях ці мерапрыемствах. І нават, каб паехаць да блізкіх у іншы горад, павінен буду браць дазвол у міліцыі. Таксама не магу выехаць за мяжу, неабходна будзе адзначацца ў нарколага, быць дома з 10 вечара да 6 раніцы, на працягу 2 месяцаў афіцыйна працаўладкавацца…

Мне далі зразумець, што весці сябе павінен цішэй за ваду, ніжэй за траву. Калі будзе хоць нейкае парушэнне ці будзе адміністратыўная справа, то ізноў могуць кінуць за краты.

Якія ўвогуле далейшыя планы?

— Планаў шмат. Зараз неабходна сустрэцца з усімі блізкімі і знаёмымі, якія за мяне перажывалі, пакуль я амаль паўгода знаходзіўся ў ізалятары. У хуткім часе пайду на курсы сістэмнага адміністратара, хацелася б пахадзіць і на ўрокі “Мовы Нанова”, каб урэшце вывучыць родную мову.

А ў плане палітычна-сацыяльнай дзейнасці таксама спыняцца не буду, бо адкрываць людзям вочы можна не толькі праз мітынгі і лістоўкі. Гэтыя паўгода на мяне вельмі моцна паўплывалі. І мае антыпатыі да гэтай улады яшчэ больш узмацніліся…

palitviazni.info