Зміцер Лукашук: «Харошкі», «Песняры» і хор імя Цітовіча пазбеглі аб’яднання

Да Сусветнага дня свабоды прэсы наш сайт публікуе гісторыі калег пра тое, як іх праца дазволіла змяніць рэчаіснасць у лепшы бок — дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Адным словам — дала адчувальны плён.

lukashuk.jpg

Сённяшняя гісторыя — ад журналіста «Еўрарадыё» Змітра Лукашука.


Гісторыя першая. Супраць аптымізацыі творчых калектываў


Гісторыя адбылася зусім нядаўна. Мы атрымалі інсайдэрскую інфармацыю пра ініцыятыву Міністэрства культуры Беларусі аб’яднаць пад адным дахам такія творчыя калектывы, як «Харошкі», «Песняры», хор імя Цітовіча і Дзяржаўны ансамбль танца.


Як высветлілася, Міністэрства культуры выступіла з ініцыятывай увесці ў склад Філармоніі чатыры самастойныя калектывы: Нацыянальны акадэмічны хор імя Цітовіча, Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, Дзяржаўны харэаграфічны ансамбль «Харошкі» і Дзяржаўны ансамбль «Песняры». Здавалася б, што дрэннага ў тым, каб гэтыя і так дзяржаўныя калектывы ўвайшлі ў склад дзяржаўнай установы і працавалі пад агульным культурніцкім дахам? На першы погляд, нічога. Але ўсе пералічаныя кандыдаты на «калектывізацыю» былі катэгарычна супраць гэтага.


Чыноўнікі чамусьці вырашылі правесці аптымізацыю, скараціўшы адміністратараў гэтых калектываў, бухгалтэрыю. Нават была ініцыятыва здаць у агульную камеру захоўвання ўсе касцюмы, музычныя інструменты, у тым ліку ўнікальныя, якія належаць калектывам.


Але ніякага загаду пра гэта агучана не было, усё вырашалася кулуарна праз размовы міністра культуры з кіраўнікамі гэтых калектываў. Я сустрэўся з кіраўнікамі калектываў, узяў каментар у Міністэрства культуры і пра ўсё гэта падрабязна напісаў. І ўжо праз колькі дзён адбылася агульная сустрэча кіраўнікоў гэтых калектываў і міністра культуры ў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. І было прынята рашэнне не праводзіць такой аптымізацыі.


Не магу сказаць, што на вырашэнне сітуацыі на 100% паўплываў менавіта мой матэрыял. Але кіраўніца «Харошак» Валянціна Гаявая мне распавяла, што перад гэтай сустрэчай з ёй яшчэ раз сустракаўся міністр культуры і, трасучы нейкімі раздрукоўкамі, казаў ёй: “Навошта ж вы вынеслі ўсё гэта ў антыдзяржаўныя СМІ?” Так вось удалося пазбегнуць аптымізацыі.


Гісторыя другая. Пра выратаваныя жыцці


Гэта гісторыя ўжо шырока вядомая калегам. Пасля пачатку ўзброенага канфлікту ва Украіне я зрабіў інтэрв’ю з адным украінскім актывістам з Херсона. Пасля гэтага мы віртуальна пасябравалі, дзяліліся меркаваннямі, перапісваліся.


А пасля гэтага ў мяне было інтэв’ю з так званым прэм’ер-міністрам так званай ДНР Аляксандрам Захарчанкам. Мой сябра гэта інтэрв’ю пабачыў і звярнуўся да мяне з напаўсур’ёзнай прапановай скарыстаць мой «выхад» на Захарчанку з мэтай дамагчыся вызвалення ўкраінскіх палонных.


А ў той момант толькі пачаліся Мінскія перамовы. Мы параіліся ў рэдакцыі і вырашылі заняцца гэтым. Мой сябра перадаў мне спіс з дзевяці чалавек, якіх яны вельмі вельмі расшуквалі ў палоне і пра якіх не маглі знайсці ніякіх звестак.


І наступны раз, тэлефануючы Захарчанку, я агучыў яму гэту прапанову. Ён спачатку задумаўся, а потым усё ж сказаў прадыктаваць яму гэты спіс, што я і зрабіў. Пасля гэтага я некалькі разоў яму ператэлефаноўваў, падчас яго прыезду ў Мінск у мяне не атрымалася з ім паразмаўляць на гэтую тэму, бо ён ухіліўся ад размовы. Потым я яшчэ некалькі разоў спрабаваў звязацца з Захарчанкам, але безвынікова.


А потым раптам у адзін дзень мой херсонскі сябра патэлефанаваў мне і паведаміў, што ноччу без якіх-кольвек папярэджанняў згаданыя палонныя былі перададзеныя ўкраінскаму боку. Вось такая добрая гісторыя, якая пачалася з маёй публікацыі.


Паводле сайта БАЖ