Зміцер Дашкевіч: Курапаты — гэта знак часу

Ёсць вялікае пытанне да кожнага патрыёта: калі сёння ты, твае думкі і тваё сэрца не ў Курапатах, то дзе ты ўвогуле?

Зміцер Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у 2017 годзе

Зміцер Дашкевіч падчас абароны Курапатаў у 2017 годзе

Два гады таму шэсць адмарозкаў размясціліся на адмерзлай глебе будпляцоўкі ля Курапатаў. Правыя і левыя, нашы і іхныя прадказвалі кепскі лёс адмарожанай справе. На трэція суткі я ўжо і сам маліўся, каб нас перасадзілі і не трэба было з ганьбаю сыходзіць сваімі нагамі. Але Творца гісторыі кажа: «Мае думкі – не вашыя думкі, і Мае шляхі – не вашыя шляхі». Таму па выніку Бог даў нам не адсідку, а перамогу.
Менавіта ў 2017-м дзяржчыноўнікі пачалі выказвацца пра неабходнасць ушанавання Курапатаў, аж нават намеснік старшыні КДБ агучыў пералік месцаў, дзе ў Мінску ў 30-х камуністы ладзілі тэрор. Аж галоўны чыноўнік грозна патрабаваў паставіць кропку ў «палітычных спекуляцыях» вакол Курапатаў і ўсталяваць ва ўрочышчы памятны знак. І мы сапраўды падумалі, што ён больш не будзе на гэтым спекуляваць і паставіць кропку ў забудове ахоўнай зоны нацыянальнага некропаля.
Але прыйшоў 2018-ты, і мы з сумам убачылі святочны інтэр’ер бульбашжора «Поедем, поедим».

З іншага боку, самадзержац абяцаў памятны знак, і ён яго паставіў: забаўляльны рэстаран у былой, дзеля таго адмыслова ўрэзанай, ахоўнай зоне Курапатаў – гэта сапраўдны памятны знак пра 25-гадовую эпоху бяспамяцтва.


Зрэшты, нічога ў гэтым новага. Але я задумаўся, чаму мы зноў і зноў чуем гэта слова, Курапаты? 2017-ты, 2018-ты, 2019-ты… Будоўля бізнес-цэнтру і нечуваная згуртаванасць людзей вакол абароны, забаўляльны кабак і «Ноч паэтаў», раструшчаная лава і новыя вялізныя крыжы вакол некропаля, збітыя машынамі абаронцы і штодзённая варта ля рэстарана… Трэці год мы гаворым пра Курапаты, ці ёсць у гэтым нейкі сэнс? Калі гісторыя — гэта не хаос і не збег выпадковасцяў, але лагічны і заканамерны працэс, то ці не ёсць Курапаты знакам часу?
У 1988-м Беларусь даведалася пра Курапаты. У 1989-м у Курапатах усталёўвалі першы крыж. А ў 1990-м абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. А ў 1991-м бел-чырвона-белы сцяг, які яшчэ тры гады перад тым міліцыянты маглі драць у Курапатах, стаўся Дзяржаўным сцягам Беларусі.
Ці многія ў 1988-м і 1989-м распазналі знакі часу? Дзякуй Богу за тых людзей, хто распазнаў – за тых, хто ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг і абвяшчаў незалежнасць. Але пераважная большасць, на жаль, знакаў часу не распазнала. Таму прыйшоў яшчэ горшы бес, які ўзяў горшае ад камуністаў і горшае ад капіталістаў: і асуджанае самімі камуністамі імя Сталіна рэабілітаваў, і культ «усім па 500 долараў» кананізаваў.
Дзве тысячы год таму Ісус Хрыстос насварыўся на Сваіх сучаснікаў, кажучы ім: «Крывадушнікі! Аблічча неба адрозніваеце, а знакаў часу не можаце?» На жаль, гэты папрок актуальны цяпер і для нас. Бо Курапаты сёння – гэта першасны выклік для ўсіх і галоўны знак часу.
Канешне, у розны час у нас могуць быць розныя выклікі. Летась галоўным выклікам для нас быў Дзень Волі – і дзясяткі тысяч людзей, якія адчулі знак часу, з'ядналіся вакол кампаніі #БНР100.

Хто ведае, заўтра расійскія танкі паедуць да нашых межаў – і мы, безумоўна, будзем не пад брамай бульбашжора стаяць, а акопвацца ў лясах Веткаўскага раёна. Але сёння Курапаты – гэта відавочны для нас Божы знак часу. Ён настолькі відавочны, што Госпад паўтарае для нас яго трэці год запар.


Таму ёсць вялікае пытанне да кожнага патрыёта: калі сёння ты, твае думкі і тваё сэрца не ў Курапатах, то дзе ты ўвогуле? Ці не паглынула цябе другаснае, зацьміўшы першаснае? Ці не праспаў ты знакі часу, як на пераломе 90-х праспалі многія? Калі абагульніць груба, праспалі мы ўсе. Праспалі цэрквы, якія былі не гатовы несці духовую праўду – і прыйшлі кашпіроўскія. Праспалі чыноўнікі, негатовыя да рэформаў – і прыйшлі маўродзі з алігархамі. Па многіх пазіцыях праспала і інтэлігенцыя – і мы скаціліся ў эпоху яшчэ горшую за пераспелы савок.
Я пэўны, у Курапатах Бог дае нам сёння бясспрэчныя знакі часу. Ад таго, як адкажам мы на іх і ці адкажам увогуле, залежыць тое, якім будзе заўтра.
Зміцер Дашкевіч, facebook.com