З’езд беларусаў свету заклікаў улады вызваліць палітвязняў
Дэлегаты VI з’езду беларусаў свету, які 24 ліпеня завяршыў сваю працу ў Мінску, заклікалі ўлады вызваліць палітзняволеных.
У заяве з’езду «Пра акт добрай волі», між іншым, адзначаецца, што «натуральным з’яўляецца клопат грамадзян пра будучыню сваёй краіны».
«У кожным грамадстве такіх людзей называюць патрыётамі і аддаюць ім знакі павагі і пашаны, — адзначаюць дэлегаты з’езду. — Натуральным з’яўляецца тое, што не ўсе людзі аднолькава ацэньваюць розныя дзеянні ўладаў, найперш тыя, якія датычаць пытанняў унутранай і замежнай палітыкі, перспектываў захавання незалежнасці краіны. Моцная ўлада, якая перакананая ў сваёй праваце, вядзе дыялог са сваімі палітычнымі апанентамі. На жаль, у Беларусі і сёння ёсць людзі, якія пазбаўленыя свабоды за свае палітычныя перакананні, што не супадаюць з афіцыйнай думкай, і не маюць магчымасці ўдзельнічаць у такім дыялогу. Беларуская і міжнародная грамадскасць называе такіх людзей палітычнымі зняволенымі — яны не зрабілі ніякага злачынства і пакараныя толькі за тое, што бачаць іншыя шляхі развіцця сваёй Бацькаўшчыны і маюць канстытуцыйнае права выказваць свае перакананні.
У пабудове моцнай незалежнай Беларусі вельмі важнымі з’яўляюцца адзінства нацыі, разуменне ўсімі грамадзянамі каштоўнасцей дэмакратыі і суверэнітэту. Улада павінна аб’ядноўваць людзей, быць справядлівай і добразычлівай да ўсіх грамадзян краіны, незалежна ад іх палітычных поглядаў. Жорсткасць не стварае, а разбурае.
Мы заклікаем улады Беларусі зрабіць акт добрай волі і вызваліць з месцаў зняволення людзей, якія знаходзяцца там у знак пакарання за свае палітычныя перакананні. Мы ўпэўненыя, што такія дзеянні кіраўніцтва краіны будуць станоўча ацэненыя народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю».
Акрамя таго, з’езд прыняў зварот да Нацыянальнага сходу, ураду і прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пра стварэнне заканадаўчай і нарматыўна-прававой асновы для ўзаемадзеяння з беларусамі замежжа, праграму «Беларусы замежжа» на 2013–2017 гады, рэзалюцыі «Беларуская мова — галоўны фактар захавання беларускай нацыі», «Пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны», «Пра транслітарацыю найменняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў», а таксама выніковую рэзалюцыю.
Старшынёй міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» амаль аднагалосна (пры двух устрымаўшыхся) зноў абраная Алена Макоўская. У склад галоўнага кіруючага органа аб’яднання — вялікай рады абраныя 100 сябраў «Бацькаўшчыны» — па 50 ад Беларусі і дыяспары.