Затрымалі галоўнага рэдактара выдання «Бобруйский курьер» Анатоля Санаценку

Анатоля Санаценку арыштавалі на 15 сутак. Пра гэта паведамілі БАЖ бабруйскія журналісты.

sanacenka_1.jpg

Падрабязнасці і прычыны затрымання Анатоля Санаценкі невядомыя. Інфармацыі пра тое, дзе і калі быў суд, таксама няма.

Сваякі затрыманага ўскосна пацвердзілі, што не ўсё ў парадку, але не сталі нічога распавядаць.

Таксама вядома, што тыдзень таму Анатоль Санаценка нібыта вырашыў пайсці ў адпачынак і перастаў выходзіць на сувязь. Увечары 15 верасня з ягонага акаўнта адказалі на паведамленне, распавяла бабруйская журналістка, але ўпэўненасці, што пісаў менавіта ён, няма. Тым больш, што ён адмовіўся сазваніцца.

«Бобруйский курьер» — незалежная рэгіянальная газета. Пачала выходзіць у 1991 годзе. У 2010 годзе праз рэпрэсіі спыніўся выхад папяровага выдання, але выданне працягнула працу ў інтэрнэце. Журналістаў «БК» неаднаразова затрымлівалі і судзілі за іх прафесійную дзейнасць.

Таксама сёння стала вядома пра затрыманне журналіста «Прэсбола» Андрэя Ільені.

На 15 сутак асудзілі і былога тэлевядучага і экс-кіраўніка прэзідэнцкага пула на АНТ Дзмітрыя Семчанку. Яго разам з жонкай затрымалі ўчора ў Мінску. Юлію пазней адпусцілі, а Дзмітрыя пакінулі за кратамі да суда. Сёння Дзмітрыю Семчанку прысудзілі 15 сутак арышту паводле арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»), а Юліі прызначылі штраф у памеры 960 рублёў (30 базавых велічынь) за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў.