Маніпуляваць заходнімі дэмакратыямі знутры. Як РФ таемна фінансавала палітыкаў ва ўсім свеце?

Злучаныя Штаты рассакрэцілі інфармацыю выведкі аб тым, як з 2014 года Расія выдаткавала на гэтыя мэты велізарныя грошы.

8ambiahasdq81.jpg

З 2014 года Расія выдаткавала на ўзмацненне ўласнага палітычнага ўплыву за мяжой не менш за 300 мільёнаў долараў. Пра гэта гаворыцца ў аглядзе амерыканскай выведкі. Пра гэта журналістам CNN, Reuters, The New York Times, The Washington Post і іншых выданняў паведамілі неназваныя высокапастаўленыя чыноўнікі адміністрацыі прэзідэнта ЗША.

Выведка ЗША ўстанавіла, што за апошнія восем гадоў Расія таемна фінансавала замежныя палітычныя партыі, асобных палітыкаў і чыноўнікаў больш чым у 20 краінах. Мяркуецца, што некаторыя пераводы Расіі маглі таксама застацца незаўважанымі.

Паводле інфармацыі ЗША, расійскія ўлады планавалі выдаткаваць яшчэ сотні мільёнаў долараў на такое фінансаванне.

Такім чынам, сцвярджаюць крыніцы Reuters і CNN, расійскія ўлады спрабавалі падтрымаць канкрэтныя палітычныя партыі, у тым ліку вельмі правыя і нацыяналістычныя, а таксама «маніпуляваць дэмакратыямі» гэтых краін знутры. Пры гэтым канкрэтныя імёны палітыкаў і назвы партый суразмоўцы выданняў не прывялі.

Як высветліла амерыканская разведка, для пераводаў выкарыстоўваліся падстаўныя кампаніі, фонды, аналітычныя цэнтры, рахункі расійскіх пасольстваў і дзяржаўных прадпрыемстваў і іншыя шляхі. Фінансаванне ажыццяўлялася ў выглядзе наяўных, электронных пераводаў, крыптавалюты і дарагіх падарункаў, а аперацыі кантраляваліся расійскімі ведамствамі, уключаючы ФСБ, прыватнымі асобамі і бізнесоўцамі.

Па словах чыноўнікаў, у фінансавых схемах былі замяшаныя прадпрымальнік Яўген Прыгожын і намеснік старшыні Дзярждумы РФ Аляксандр Бабакоў.

Са слоў крыніц журналістаў, такое фінансаванне адпраўлялася ў Албанію, Чарнагорыю, Мадагаскар, Боснію і Герцагавіну, а таксама, магчыма, у Эквадор. Акрамя таго, чыноўнікі распавялі пра адну з азіяцкіх краін, назву якой яны адмовіліся ўдакладніць, дзе, па іх словах, расійскі пасол перадаў кандыдату ў прэзідэнты мільёны долараў наяўнымі. Пры гэтым агляд не закранае магчымае расійскае фінансаванне ў ЗША, якое спецслужбы вывучалі падчас іншых расследаванняў.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс назваў таемныя фінансавыя аперацыі Расіі «замахам на суверэнітэт». «Гэта спроба пазбавіць людзей ва ўсім свеце магчымасці выбіраць урады, якія, на іх думку, лепш падыходзяць для таго, каб прадстаўляць іх інтарэсы і каштоўнасці», — адзначыў ён.

Дзярждэп адправіў высновы разведкі амерыканскім пасольствам больш чым у 100 краінах свету. Акрамя інфармацыі пра меркаваную таемную дзейнасць Расіі, у дакуменце прапануюцца крокі, якія ЗША і саюзнікі могуць распачаць для процідзеяння Крамлю. Яны ўключаюць санкцыі, забарону на паездкі і высылку падазраваных у шпіянажы ды таемным палітычным фінансаванні.

Як мяркуюць у ЗША, найбліжэйшыя месяцы Расія можа ўсё больш спадзявацца на свае інструменты таемнага ўплыву, у тым ліку фінансаванне замежных палітыкаў і партый, у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы, на Блізкім Усходзе і ў Азіі, каб падарваць эфектыўнасць санкцый і захаваць свой уплыў на фоне вайны ва Украіне.

«Праліваючы святло на таемнае фінансаванне Расіяй палітыкаў і яе спробы падарваць дэмакратычныя працэсы, мы звяртаем увагу гэтых замежных партый і кандыдатаў на тое, што, калі яны будуць употай прымаць расійскія грошы, мы можам і будзем іх выкрываць», — адзначыў чыноўнік, які гаварыў з журналістамі CNN.

Паводле Meduza