Жанчыну з інваліднасцю аштрафавалі за цытату з Бібліі

Жанчыну з інваліднасцю 1-й групы аштрафавалі на 1160 рублёў — за плакат з цытатай з Бібліі. «Біблія ў Беларусі не забароненая!» — канстатавала яна на судзе.

 Валянціна Крыштопенка

 Валянціна Крыштопенка

«Калі ўладарыць бязбожнік — народ стогне», — так гаворыцца ў біблійных прыпавесцях. 56-гадовая Валянціна Крыштопенка сфатаграфавалася з гэтай цытатай на плакаце ў розных месцах пасёлку Кастрычніцкая Віцебскага раёна. Міліцыянты пабачылі фотаздымкі ў «Тэлеграме» і завялі супраць жанчыны справу паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП. 11 лютага суд Віцебскага раёну прызнаў Крыштопенку вінаватай…

Справу Валянціны Крыштопенкі разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня.

Паводле міліцэйскага пратаколу, 24 снежня 2020 году жанчына, аказваецца, «узяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні»: «стаяла з плакатам «Когда господствует нечестивый, народ стенает» у розных месцах пасёлку».

На думку супрацоўнікаў МУС, гэтым самым Крыштопенка і парушыла заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Міліцыянты сцвярджалі, што відэаролік, створаны на падставе фотаздымкаў, быў размешчаны абвінавачанай у тэлеграм-канале «Віцебск 97%».

Валянціна Крыштопенка сваёй віны не прызнала і заявіла, што ролік у «Тэлеграме» не размяшчала. На яе погляд, артыкул 23.34 быў ужыты да яе неправамерна. «Біблія ў Беларусі не забароненая!» — канстатавала яна на судзе. Больш ніякіх тлумачэнняў не давала.

Суддзя Міхаіл Зубеня, спаслаўшыся на ранейшыя паказанні жанчыны, прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1160 рублёў). Валянціна Крыштопенка мае інваліднасць 1-й групы і жыве з пенсіі.

Нагадаем, што 3 студзеня 2021 года ў кватэры Валянціны Крыштопенкі міліцыянты правялі ператрус, у выніку якога канфіскавалі плакат з біблійнай цытатай і два тэлефоны.

Валянціну Крыштопенку ўжо тройчы судзілі летась паводле арт. 23.34 КаАП за ўдзел у пратэставых акцыях. Першы раз папярэдзілі, другі раз аштрафавалі на 7 базавых велічынь, трэці раз — на 25 базавых. Новы штраф (40 б.в.) — амаль максімальны.

Зміцер Міраш, viciebskspring.org