Заява на пікет у Бабруйску

24 верасня жыхары горада Бабруйск Магілёўскай вобласці, пенсіянеры муж і жонка Аляксандр і  Валянціна Каваленкі, падалі ў Бабруйскі гарвыканкам заяву на правядзенне 9 кастрычніка пікетавання ў цэнтры гораду.



zhanchini_kavalenka_narodnaja_volja_1_.jpg

Аляксандр і Валянціна Каваленкі

Як паведаміў карэспандэнту НЧ Аляксандр Каваленка, пікет павінен прыцягнуць увагу жыхароў Бабруйска да праблемы невыканання сваіх абавязкаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жаннай Мішур, якая прадстаўляе інтарэсы бабруйчан у дзяржаўных органах. “Гэты дэпутат спыніла з намі ліставанне, не адказаўшы на нашы лісты па сутнасці пастаўленых у іх пытанняў, як таго патрабуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”, — падкрэсліў Аляксандр Каваленка.

Паводле слоў Валянціны Каваленкі, яна тройчы была на прыёме ў Жанны Мішур, якая паводзіла сябе не як абранніца народу, а як звычайны чыноўнік, прызначаны ўладамі. “Склалася ўражанне, што гэтая дэпутатка нават не ведае сваіх паўнамоцтваў згодна заканадаўству, і лічыць, што парламент, дзе яна працуе, з’яўляецца толькі заканадаўчым, але не прадстаўнічым органам. Таму Жанна Мішур адмовілася прадстаўляць нашы інтарэсы ў дзяржаўных органах і спыніла з намі ліставанне”, — сказала Валянціна Каваленка.      

Аляксандр Каваленка адзначыў, што ў пікетаванні прымуць удзел толькі самі арганізатары мерапрыемства, падчас якога мяркуецца выкарыстаць плакат наступнага зместу: “Дэпутат Мішур не абараняе правы і інтарэсы народа, а дагаджае чыноўніцтву!”.

У сваёй заяве Каваленкі звярнулі ўвагу чыноўнікаў Бабруйскага гарвыканкама на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету прадастаўлена грамадзянам, адпаведна, артыкуламі 33 і 35 асноўнага закону краіны, а таксама артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Прычым, механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Яны дзясяты год імкнуцца ўзнавіць парушаныя правы свайго сына, які знаходзіцца за кратамі. Аляксандру Каваленку спачатку пагражалі, а ў 2006 годзе сфабрыкавалі супраць яго крымінальную справу. За кратамі мужчына правёў 3 гады і 2 месяцы, аднак у 2010 годзе быў рэабілітаваны. Зараз разам з жонкай ён працягвае абараняць правы свайго сына і другіх грамадзян Беларусі.