«Забралі нават вокладку для дакументаў з «Пагоняй». Пётр Кузняцоў на волі
Заснавальнік і кіраўнік гомельскага партала «Моцныя навіны» распавёў пра няпросты ўчорашні дзень, цягам якога сілавікі правялі ператрусы ў многіх супрацоўнікаў папулярнага рэгіянальнага медыя.
«Сябры. Я, па меншай меры пакуль, на свабодзе, спадзяюся, так будзе і далей, — напісаў Пётр Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале. —
Сёння прайшлі ператрусы ў мяне ў кватэры, загарадным доме і
ў офісе. Прыйшлося праехаць тры адрасы, таму так доўга.
Абшукалі таксама месца прапіскі жонкі, а таксама яе машыну. Адначасова прайшлі ператрусы ў дзесяці супрацоўнікаў рэдакцыі. Ва ўсіх канфіскаваная ўся тэхніка, таму, напэўна, да панядзелка наўрад ці нешта яшчэ напішу. Трэба яшчэ прывесці ў парадак усё.
Што там тэхніка: з офіса забралі тры «Пагоні» ручной
працы — дзве па дрэве, адну керамічную. Забралі нават вокладку для дакументаў з
гістарычным гербам. Сказалі: «Следчы разбярэцца».
Я вельмі ўдзячны усім за словы падтрымкі. Гэта вельмі
дарагога каштуе, праўда, крануты.
Адначасова, хачу сказаць яшчэ вось што.
Многія пішуць, у тым ліку і ў лічку пісалі блізкія і дарагія
людзі: чаму, маўляў, ты яшчэ не з'ехаў, чаго ты чакаеш? Абвінавачваюць у легкадумнасці, непрадбачлівасці...
Іронія лёсу ў тым, што калі да мяне прыйшлі, я быў не ў
Гомелі, а ў лесе ў памежным з Расіяй раёне —планаваў пачаць выходныя. Так
што «на рывок», тэарэтычна, можна было цалкам.
Ведаеце, я вось што хачу сказаць. Я чакаў, што гэта пачнецца і рыхтаваўся да горшага. Пакуль, дзякуй Богу, горшага не здарылася. І літаральна ў апошнія дні я размаўляў з многімі членамі маёй каманды, прапаноўваючы ўсім разгледзець магчымасць рэлакацыі.
І, ведаеце, усе адмовіліся. Так, напэўна, хтосьці з нашых таксама не супраць, але ўсе тыя, з кім я гаварыў, заявілі, што не гатовыя і не хочуць з'язджаць.
Што я магу дадаць? Я магу толькі прапанаваць паспрабаваць паставіць сябе на маё месца. Ці магу я з'ехаць, калі ўсе тыя людзі, з якімі мы будавалі і будуем свой праект, застаюцца?
Можа, я і згодны з тым, што лепш было б — так, з'ехаць. Але, бачыце, я не магу. З'язджаць лёгка, калі ты адзін і ні з кім і нічым асабліва не звязаны. Калі ты кіруеш камандай, калі ты робіш сваю справу, адчуваеш адказнасць перад людзьмі, гэта цяжка.
Таму, не трэба казаць: «Не разумею». Трэба спрабаваць разумець. Яшчэ раз дзякуй!».
Нагадаем, учора сілавікі прыйшлі да многіх журналістаў «Моцных навін». Спачатку — да рэдактара сайта Ірыне Вольскай. Пазней з'явілася інфармацыя, што праваахоўнікі прыйшлі па месцы прапіскі кіраўніка рэкламнага аддзела Яўгеніі Крэшчук. Яна ў той кватэры не жыве.
Таксама ператрус праходзіў па месцы прапіскі галоўнага
рэдактара Ганны Якштас — шукалі тэхніку, але паколькі там жыве бабуля, то тэхніку
ніякую не знайшлі. Пазней міліцыя прыйшла да галоўнага рэдактара і
яе мужа, таксама судрудніка рэдакцыі Дзяніса Якштаса, дадому. Ператрус доўжыўся
крыху больш за гадзіну, таксама канфіскавалі тэхніку.
Такая ж сітуацыя і з журналістамі партала Наталляй Суславай,
Юрыем Глушаковым, Кацярынай Тэліман. Ва ўсіх прайшлі ператрусы, забіралі тэхніку. Міліцыя таксама тэлефанавала рэдактару
Сняжане Пагодзінай, яе не было дома ў гэты момант.
Урэшце сілавікі прыйшлі з ператрусам таксама да стваральніка і дырэктару партала Пятра Кузняцова.
Таксама быў праведзены вобшук ці агляд у бацькоў яшчэ аднаго супрацоўніка партала, Аляксея Шкурава, з дому нічога не канфіскавалі. Прыходзілі дадому і па месцы прапіскі таксама да супрацоўніка партала Паўла Кузняцова — паводле яго слоў, стаўленне было карэктным, забралі жорсткі дыск, ноўтбук і тэлефон.