За суткі ў краіне 1170 выпадкаў COVID-19, дзесяць памерлых
За суткі ў Беларусі зарэгістраваныя 1170 пацыентаў з COVID-19, выпісаныя 1307 пацыентаў, паведамляе Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале.
Усяго з пачатку пандэміі ў Беларусі былі зарэгістраваныя 348 486 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19. Ачунялі 338 927 пацыентаў, у якіх раней быў пацверджаны дыягназ COVID-19, паведамляе TUT.BY.
За ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі на тэрыторыі краіны памерлі 2463 пацыенты з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй. Дзесяць — за апошнія суткі.
У актыўнай фазе COVID-19 — 7096 пацыентаў.
За мінулыя суткі выканана 17 895 тэстаў (каля 6,5% станоўчыя). Усяго ў краіне праведзена 5 723 427 тэстаў.
Загадчык кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Юрый Горбіч распавёў, што па рэгіёнах сітуацыя з каронавірусам цяпер прыкладна аднолькавая: «Так, безумоўна, горад Мінск, які мае вялікую шчыльнасць насельніцтва, мае крыху большыя праблемы. Можа, у нейкай ступені Гомельская вобласць, але ўсё астатняе больш-менш роўна».
«Бліжэйшыя два тыдні пакажуць, па якім сцэнары мы пойдзем: па песімістычным або больш аптымістычным. Таму што на самой справе цалкам можа быць, што ў нас будзе вельмі высокі ўсплёск. З іншага боку, можа быць, што ён застанецца на вельмі палогім пагорку, які паволі спаўзе на тое самае плато, пра якое ўсе кажуць», — заявіў Горбіч.
Залежаць тое, па якім сцэнары пойдзе сітуацыя, будзе ад колькасці вакцынаваных, а таксама ад выканання мер сацыяльнага дыстанцыявання і масачнага рэжыму, лічыць спецыяліст.
У Беларусі па стане на 21 красавіка больш за 211 тысяч чалавек атрымалі першую дозу вакцыны супраць COVID-19, больш за 75 тысяч чалавек прайшлі поўны курс вакцынацыі.