Аналітык: «Пры такім урадзе насельніцтва краіны не адновіцца ніколі»

З кожным годам краіна будзе губляць дзясяткі, сотні тысяч людзей, і ў хуткім часе насельніцтва зменшыцца яшчэ на чарговы мільён.

35_main.jpg

На 1 студзеня 1994 года ў Беларусі налічвалася 10.367.300 чалавек (паводле звестак Белстата). На 1 студзеня 2021 года — 9.349.645 чалавек. Страты склалі 1.017.655, а было 10 з гакам мільёнаў. Беларусь з кожным годам будзе губляць дзясяткі, сотні тысяч людзей — і неўзабаве насельніцтва зменшыцца яшчэ на чарговы мільён, прагназуе Канстанцін Скуратовіч на сайце «Наше мнение».

Паводле нядаўняй дэмаграфічнай даведкі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць насельніцтва за 2020 год зменшылася на 60,6 тысяч чалавек у параўнанні з папярэднім, 2019-м, годам.

Іншымі словамі, з дэмаграфічнай карты краіны фактычна знік не які-небудзь маленькі райцэнтр, а цалкам добраўпарадкаваны і любімы ўсімі Полацк. Значна зменшылася насельніцтва ўсіх абласцей, за выключэннем Мінскай, дзе, паводле статыстыкі, прырост склаў 99 чалавек.

Галоўнае, што заслугоўвае тут увагі, — гэта паскарэнне тэмпаў дэпапуляцыі: калі змяншэнне насельніцтва ў 2020 годзе склала 60,6 тысяч чалавек, а ў 2019 — 19 тысяч чалавек, то тэмпы вымірання выраслі ў 3 разы, лічыць аўтар.

«Калі далей паедуць з такой жа хуткасцю, то ваенкаматам салдат давядзецца купляць за мяжой. А тавар гэты нятанны, — піша Канстанцін Скуратовіч. — Прычыны вымірання вядомыя: натуральнае змяншэнне дзякуючы перавышэнню смяротнасці над нараджальнасцю і міграцыйны баланс. У сувязі з гэтым у першую чаргу ўспамінаецца кавід, які пагоршыў афіцыйныя паказчыкі медыцынскай статыстыкі, але, паводле афіцыйнай інфармацыі, яго здолелі ўтрымаць на адносна нізкім узроўні. У такім выпадку істотным фактарам варта лічыць міграцыйны адток людзей, якія падвяргаліся рэпрэсіям і якіх працягваюць інтэнсіўна і метадычна прэсаваць. Натуральна, многія з іх спрабуюць знайсці для сябе занятак за межамі Беларусі. Думаю, калі з'явіцца дакладная статыстыка на гэты конт, мы ўбачым і пачуем яшчэ больш займальнага і цікавага».

Паводле zautra.by