За песню «Лукашэнка, сыходзь» у плэйлісце гамяльчанін атрымаў год калоніі

22-гадовага гамяльчаніна Сяргея Балахонава ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» больш за ўсё прыцягваў зручны плэер: у яго плэйлісце больш за тысячу трэкаў папулярных выканаўцаў. У траўні мінулага года Сяргей вырашыў папоўніць сваю музычную калекцыю навінкамі. Сярод запампаваных ім песень аказалася і кампазіцыя папулярнага рэпера nokrolik «Лукашэнка, сыходзь».

d04228244aef1229d0557.jpg

У выніку маніторынга яго персанальнай старонкі праваахоўнікі выявілі аўдыёфайл з гэтай песняй, на падставе чаго Сяргею Балахонаву прад'явілі абвінавачанне па артыкуле 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Сяргей прызнаў сваю віну і раскаяўся, але падкрэсліў, што захаваў гэты трэк не з прычыны палітычнай варожасці да каго б там ні было, а выключна ў выніку збегу абставінаў.
Пракурор запытаў для Сяргея Балахонава пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.
Кіраўніцтва і калегі маладога чалавека хадайнічалі перад судом аб абранні для яго пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі. У характарыстыцы з месца працы падкрэслівалася, што ён зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку: працавіты, неканфліктны, прыстойны.
Сёння Сяргей Балахонаў звярнуўся да суда з апошнім словам.
— Не пазбаўляйце мяне волі, — адзінае, што змог ён вымавіць.
Суд палічыў віну Сяргея Балахонава даказанай і прысудзіў яго да года калоніі агульнага рэжыму. Хлопец быў узяты пад варту ў зале суда.
Сяргей жанаты, яго жонка чакае дзіця.
«Моцныя навіны»