Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення апеляцыі асуджаных да смяротнага пакарання
Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў»: Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня пакінуць у сіле, а скаргі без задавальнення.
Усяго па справе праходзіла чатыры чалавекі, двое асуджаныя да вышэйшай меры пакарання — растрэлу.
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня Сямён Беражной, а таксама муж і жонка Ігар і Таццяна Гершанковы абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або зьнішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды:
Ігару Гершанкову — вышэйшая мера пакарання — растрэл;
Сямёну Беражнову — вышэйшая мера пакарання — растрэл;
Таццяне Гершанковай — 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці;
Барысу Калеснікаву — 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
Следства па справе цягнулася 2.5 гады. Вядома таксама, што маці асуджанага да смяротнага пакарання па справе «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова заяўляла пра пагрозы сыну і збіцці яго падчас знаходжання пад вартай.
У 2017 годзе смяротныя прысуды вынесеныя тром беларусам: Аляксею Міхаленю (Нароўля), Ігару Гершанкову (Магілёў) і Сямёну Беражному (Магілёў).
spring96.org