Мікалай Статкевіч: «Смяротнае пакаранне трэба ўладам, каб трымаць грамадства ў страху»
«Смяротнае пакаранне трэба ўладам, каб трымаць грамадства ў страху», — лічыць старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Мікалай Статкевіч.
Палітык каментуе рашэнне Вярхоўнага суда, які пакінуў 20 снежня ў сіле смяротныя прысуды па справе “чорных рыэлтараў, і дзеліцца сваімі меркаваннямі адносна смяротнай кары ў Беларусі.
На думку Мікалая Статкевіча, аргументаў супраць смяротнага пакарання нашмат болей, чым за яго.
“Мы не павінны множыць забойцаў, бо нехта ж пакаранне прыводзіць у выкананне, дык навошта чалавеку браць грэх на душу? Не мы яму давалі жыццё. Ёсць жа не менш жорсткае пакаранне — пажыццёвае зняволенне. Хай той сядзіць у гэтай бетоннай скрыні і думае. Паверце, гэта вельмі няпроста.
Такое ўражанне, што смяротнае пакаранне патрэбна не большасці грамадства, асабліва пасля расстрэлу абвінавачаных у арганізацыі тэракту ў метро, калі большасць беларускага грамадства перагледзела свае падыходы да вышэйшай меры.Многія лічаць расстраляных не зусім тымі, кім іх назваў суд.
І тут ужо справа не ў настроях грамадства і не ў рэферэндумах, тым больш, мы ведаем, як яны праводзяцца. Гэта трэба ўладам, каб у іх заставаўся аргумент страху, бо чалавек, які выступае супраць улады, мусіць разумець, што калі ён пойдзе на занадта жорсткі супраціў — улада можа ўжыць такую меру і супраць яго. Я думаю, гэта адчувае “начальнік рэжыму” і гэтае пудзіла, страшылку гэтую, для грамадства, для такіх людзей, і трымае”.
Вось у такой страшылцы сёння Мікалай Статкевіч бачыць асноўны аргумент уладаў на карысць смяротнага пакарання.
Нагадаем, у 2017 годзе смяротныя прысуды вынесеныя тром беларусам: Аляксею Міхаленю (Нароўля), Ігару Гершанкову (Магілёў) і Сямёну Беражному (Магілёў). Яшчэ адзін чалавек — Сяргей Вострыкаў — расстраляны.