Віталь Гуркоў звярнуўся да сілавікоў: «На Беларусь напалі вы» (відэа)
Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў звярнуўся да прадстаўнікоў сілавых структур Беларусі. Ён заклікаў іх выступіць за новыя выбары ў краіне.
У відэазвароце Віталь Гуркоў заявіў, што падзеі ў Беларусі сёння не маюць ніякіх прыкладаў, гэта адбываецца ў краіне, якая і без таго перажыла шмат бедаў, перадае Радыё Свабода.
«На Беларусь напалі людзі, якія прынялі прысягу ахоўваць свой народ, падтрымліваць парадак і абараняць суайчыннікаў. На Беларусь напалі вы. Вы бегаеце па дварах з дубінамі, б’яце старых і дзяцей, студэнтаў і дактароў. Я ўпэўнены, той, хто лічыць сябе сапраўдным мужчынам і ваяром, не так уяўляў сваю доблесную службу».
Баксёр заклікаў сілавікоў падпісаць адкрыты зварот за правядзенне новых прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі, ад празрыстага фармавання выбарчых камісій да допуску на ўчасткі назіральнікаў і справядлівага падліку галасоў.