Ганна Севярынец: Кожнаму чалавеку трэба на сваім месцы рабіць выбар

Настаўніца, пісьменніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец у інтэрв'ю Свабодзе — пра затрыманне сілавікамі смалявіцкіх гімназістаў, пра рэпрэсіі супраць непаўналетніх і старых, табу для «людзей у чорным» і самы галоўны вынік 2020 года.

hanna_sevjarynec_1_1.jpg


Пра затрыманне смалявіцкіх гімназістаў

Я вучыла іх шэсць гадоў, гэта мае любімыя дзеці, гэта сардэчная мая класа. Я перажываю за іх як за сваіх насамрэч. Як іх настаўніца я думаю, што яны маюць добрую базу ўнутры, каб гэтую гісторыю адрэфлексаваць, зрабіць добрыя высновы і каб потым, калі яны вырастуць і ў іх будуць свае дзеці, ніколі не рабіць так, як цяпер робяць недасведчаныя дарослыя старога ўзору.
У панядзелак у гімназію мусіў прыйсці інспектар у справах непаўналетніх, але не прыйшоў. І гэта ясна: пра што ён мусіў размаўляць з дзецьмі? Што яны па вуліцы не могуць хадзіць? Гэты выпадак і ўсё, што навокал, — для мяне дастаткова балюча. Гэта высвечвае ўсе праблемы не ўнутраных органаў (з імі даўно ўсё зразумела і няма чаго каментаваць), а праблемы грамадства.


Пра рэакцыю ў гімназіі

Дзяцей моцна падтрымлівалі. У гімназіі добры калектыў, і я не баялася, што дзецям зробяць благое, але нават у гэтым прыўкрасным калектыве знайшоўся чалавек, які казаў дзецям: а што ж вы не разбрыліся, што ж вы ішлі гуртам, трэба было разбрысціся. Гэта не таму, што ён хацеў дзецям блага зрабіць, ён хацеў іх навучыць на будучыню, каб у іх усё было добра. Можа, ім яшчэ распаўзціся на жыватах? Гэтае «сама вінавата», «не высоўвайцеся», дзіўнае адчуванне, што калі вас затрымалі, значыць было за што, хаця відавочна, што не было за што. Гэтыя дробязі, якія нібыта не ёсць цэнтрам цяперашніх пратэстаў, павінны быць месцам прыкладання нашых сілаў.

Пра смалявіцкіх міліцыянтаў

Не думаю, што з боку міліцыянтаў гэта быў нейкі мэсыдж, альбо нейкая дэманстрацыя, альбо яны нешта мелі на ўвазе. У нас у Смалявічах тыдзень таму прайшоў даволі вялікі марш, шматлюдны, працяглы. Я ў ім удзельнічала і хачу сказаць, што было вельмі спакойнае і ветлівае стаўленне супрацоўнікаў міліцыі. Яны суправаджалі марш, сачылі за парадкам, ніякіх правакацыяў не было, усё было дастаткова прыстойна. І я думаю, што ім проста далі па шапцы. Ім трэба было неяк рэабілітавацца, і таму яны спрабавалі лютаваць і затрымалі ХІ класу.

Пра ўдзячнасць да тых, хто зрабіў па-чалавечы

Я вельмі ўдзячная супрацоўніцы РАУС, якая адэкватна адрэагавала і не стала афармляць гэтых дзяцей ці яшчэ нешта. Гэта сведчанне крызісу, у якім знаходзяцца наша грамадства і ўлада. І адначасна сведчанне таго, што кожнаму чалавеку трэба на сваім месцы рабіць выбар. Ты працуеш у РАУС, але на цябе гэта не накладае абавязкаў рабіць так, як робяць ва ўсіх РАУС. Ты — чалавек, зрабі па-чалавечы. Я вельмі рада, што жыву ў горадзе, у якім і супрацоўнікі РАУС могуць рабіць па-чалавечы. Гэта даражэй, і для мяне важней думаць пра гэта, чым пра тое, што нейкія людзі з адсутнасцю мазгоў і інтэлекту затрымалі дзяцей, якія ішлі з рэпетыцыі выпускнога вальсу. Я імкнуся канцэнтравацца на добрых момантах.

Пра затрыманні старых людзей

Унутры я ўпэўненая, што гэта, вядома, загад. А калі ідзе наўпроставы загад, у гэтых людзей перамыкае. Нешта людскае яшчэ ў іх маецца да таго моманту, як яны не атрымаюць загад. Думаю, што ўжо другі тыдзень ёсць наўпроставы, канкрэтны загад, бо другі тыдзень затрымліваюць удзельнікаў маршаў пенсіянераў, і тады гэтае людскае канчаецца, і мы ўсе чакаем, што будзе з бабулямі і дзядулямі, якія трапілі ў РУУСы. Я напружана дасылаю ў неба такую думку — няхай у кожнага чалавека ў РУУСах, які з гэтымі людзьмі сутыкаецца, спрацуе чалавечае, і кожны з іх зробіць маленькі, але такі важны выбар — застацца чалавекам побач з гэтымі цудоўнымі, чароўнымі, мужнымі і мудрымі людзьмі, якіх яны мусяць афармляць як правапарушальнікаў. Няхай робіць гэты маленечкі выбар перад злачынным загадам. Няхай усё будзе добра ў гэтых старых людзей.

Ці ёсць для ўладаў табу

Калі яны атрымліваюць загад, у іх няма ніякай мяжы. У нядзелю схапілі мужчыну, які быў з вазком, з дзіцёнкам, і вазок застаўся суседцы. Не думаю, што калі яны атрымліваюць наўпроставы загад, у іх ёсць нейкія межы ці бар’еры. Яны пераўтвараюцца ў робатаў. Гэта праблема не толькі сілавікоў. Дырэктар школы, завуч, вахцёр, супрацоўнік ЖКГ, якога паслалі стужачкі зрэзаць. Можа быць, гэта чалавек са сваімі мазгамі, але як толькі атрымлівае загад, у яго мазгі адключаюцца. Гэта жудасная праблема, і праблема ў выхаванні, у сямʼі — «не будзеш паслухмяным, Дзед Мароз на новы год цукерку не прынясе». Трэба ад сёння пераглядаць свае ўзаемаадносіны з дзецьмі і са старымі. Уменне вялікай колькасці людзей адключыць мазгі ў момант атрымання загаду — гэта тое, на чым усё яшчэ трымаецца цяперашняя ўлада.

Пра цяперашні этап пратэстаў

Звонку гэты этап выглядае найцяжэйшым, але я адчуваю значна больш упэўненасці ў людзях. Мне цяпер менш страшна, што нешта здзмецца і сціхне. Адчуваю, што беларусы ўпёрліся. Гэтая беларуская ўпёртасць — фантастычная насамрэч. Гэта вядомая з'ява. Беларусы ўмеюць так рабіць — упірацца і стаяць як вол, як зубр, уперціся рогам. Цяпер вялікая роля адведзеная раённым і дваровым суполкам, чатам. Там цяпер адбываюцца фантастычныя рэчы, будуецца абсалютна непераможная, трывалая, эфектыўная сістэма самаарганізацыі і самакіравання. Цяпер вылучаюцца рэгіянальныя сапраўдныя, моцныя лідары, якія гэта ўсё сваімі рукамі робяць. Мне вельмі спадабалася ананімнае інтэрв'ю з адным з раённых лідараў, які спакойна, без эмоцыяў, грунтоўна расказаў, што ў іх цяпер падыход такі — галоўнае не колькасць удзельнікаў, а адсутнасць затрыманых. Галоўнае не карцінка, фотачка, а гуртаванне, магчымасць арганізавацца самім.

Пра вяртанне вуліцы

Я абсалютна ўпэўненая, што нават калі мы бліжэйшымі тыднямі не вернем сабе вуліцу (спробы такія павінны быць), гэта няважна і насамрэч яшчэ больш небяспечна для рэжыму. Калі выходзіць шмат людзей на вуліцы, па-першае, ты іх бачыш, можаш ацаніць і можаш з імі змагацца, А калі ты іх не бачыш, то ў цябе праблемы, сябручок. Вядома, яны могуць атрымаць карцінку зачышчанага гораду, але калі ўсё гэта сыдзе пад зямлю, стане нябачным, тут будуць у іх сапраўдныя праблемы. Я думаю, у іх няма такіх аналітычных здольнасцяў, каб гэта зразумець. Але так і будзе, і я думаю, што фаза пратэсту стане больш эфектыўнай.

Пра найгалоўны аптымістычны вынік 2020 года

Вельмі шмат аптымістычных вынікаў, нягледзячы на тое, што цяжар мы нясем страшны, і я ведаю, што ўсіх нас, хто ўключаны ў гэты працэс, хто яго перажывае, яшчэ дагоняць і хваробы, і праблемы... Гэта страшэнны стрэс, мы ў ім бясконца жывем і знаходзімся. Але ёсць такія вынікі, якія варта аплочваць. Гэта салідарнасць, якую я б паставіла на першае месца. Адчуванне, што ты жывеш са сваім народам, што побач з табой, поплеч з табой людзі, якія не кінуць, не падвядуць, не здрадзяць. Год, два таму я хадзіла па вуліцах і заўсёды адчувала, што я — не свая. А цяпер хаджу і разумею, што я кожнага з іх магу любіць, бо кожны — герой. Гэтае адчуванне сабе ўнутры свайго народу — у нас такога ніколі не было. Іншыя народы адчувалі такія рэчы значна раней, а мы перажываем цяпер.

Аб прагненні свайго

Для мяне як для чалавека, які займаецца папулярызацыяй літаратуры, галоўны вынік — неймаверная прага свайго. Два гады таму 5-7 чалавек прыходзілі на імпрэзу ў цёплы музей, а цяпер у дварах 50-70 чалавек стаяць у холад. Стаяць дарослыя, дзеці, сабакі сядзяць.... Гадзіну-паўтары гаворыш — слухаюць, тры гадзіны б гаварыў — слухалі б. Прага свайго ў людзей — такая дарагая каштоўнасць, дзеля якой мы мусім ва ўсе лапаткі і ва ўсю моц працаваць, каб гэтым людзям было што браць. Гэта наша вялікае беларускае шчасце.
Цалкам відэаінтэрв'ю: