«Некалькі разоў папрасілі прабачэння». МУС пацвердзіла факт затрымання цэлага класа ў Смалявічах

У Міністэрстве ўнутраных спраў пацвердзілі факт затрымання школьнікаў у Смалявічах і пракаментавалі інцыдэнт.

clip_13_1000x563.jpg


У прэс-рэлізе, апублікаваным у Telegram-канале афіцыйнага прадстаўніка МУС Вольгі Чамаданавай, сцвярджаецца, што дзеці прыехалі ў РАУС на адной машыне і прабылі каля райаддзела каля шасці хвілін, паведамляе REFORM.by.

У паведамленні гаворыцца, што апублікаваная ў сетцы інфармацыя толькі часткова адпавядае рэчаіснасці, і школьнікі знаходзіліся там «далёка не па стойцы “смірна”». У МУС сцвярджаюць, што міліцыянты разабраліся, некалькі разоў папрасілі прабачэння перад адзінаццацікласнікамі за прычыненыя нязручнасці і адпусцілі.

Нагадаем, пра затрыманне вучняў 11 класа Смалявіцкай раённай гімназіі паведаміла сёння настаўніца Ганна Севярынец, якая раней там выкладала. Па яе словах, дзеці вярталіся з рэпетыцыі выпускнога вальсу.

«Хлопчыкаў пасадзілі за краты, дзяўчат на лаўкі, пераганялі з буса ў бус, прывезлі ў РАУС, камандавалі стаць тварам да сцяны. Дзякуй богу, жанчына ў РАУС моцна здзівілася і спытала: “Нашто вы сюды дзяцей прывезлі?” І іх выпусцілі. Адзін хлопчык сказаў: “А гэты бус я ведаю, ім выканкам яго выдзеліў, мы ў гэтым бусе на канцэрт з аркестрам два разы ездзілі”. Наш смалявіцкі дзіцячы аркестр — лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў», — распавяла Ганна Севярынец.

Пазней высветлілася, што ў РАУС прыходзілі бацькі затрыманых, дзе ім сказалі, быццам дзеці нецэнзурна лаяліся ў адрас міліцыянтаў. Што, канешне, ставіць пад сумнеў версію МУС з прабачэннямі.