Выбары

Штраф за стыпендыю

Сябра Маладога Фронту Зміцер Ясевіч, які балатуецца ў мясцовыя Саветы па выбарчай акрузе № 3 Мінска ад кааліцыі «Новае Пакаленне», атрымаў штраф за неаплачаныя падаткі са стыпендыі.

Штраф за стыпендыю
Сябра Маладога Фронту Зміцер Ясевіч, які балатуецца ў мясцовыя Саветы па выбарчай акрузе № 3 Мінска ад кааліцыі «Новае Пакаленне», атрымаў штраф за неаплачаныя падаткі са стыпендыі.
Зміцер Ясевіч навучаецца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце на 4-м курсе факультэта «Паліталогія». Падаючы дакументы для рэгістрацыі кандыдатам у мясцовыя саветы, Зміцер у дэкларацыі аб прыбытках пазначыў наяўнасць стыпендыі. Падатковая інспекцыя Заводскага раёна Мінску палічыла наяўнасць стыпендыі, неабкладзенай беларускім падаткам, злачынствам і прызначыла Ясевічу штраф у памеры 43750 рублёў, а таксама паставіла перад абавязкам сплаціць 864000 рублёў за атрыманыя за мяжой прыбыткі.
«Натуральна, такое галавацяпства ў дзяржаўных інстытутах абурае, — гаворыць Зміцер Ясевіч. — Паводле заканадаўства, стыпендыя не абкладаецца падаткамі. Таму я планую аспрэчваць рашэнне падатковай Заводскага раёна ў вышэйшых інстанцыях».
Сем гадзін на мяжы
11 красавіка 2010 года на беларуска-літоўскай мяжы на сем гадзінаў былі затрыманыя ўдзельнікі магістэрскай праграмы «Публічная палітыка» ЕГУ Алесь Зарэмбюк і Андрэй Цалко, якія ехалі з вучобы дахаты на машыне Зарэмбюка.
Начальнік заставы Сяргей Карабач паведаміў, што ўсіх адпусцяць толькі па дазволу «зверху». Памежнікі выдумлялі розныя прычыны, каб як мага даўжэй пратрымаць хлопцаў. Спачатку паведамілі, што польская віза ў пашпарце Зарэмбюка можа быць падробленай, затым доўга аглядалі машыну на прадмет правозу незаконных рэчаў (іх там, вядома, не апынулася).
У Андрэя Цалко забралі ноўтбук (быццам для экспертызы КДБ), у Алеся Зарэмбюка — картку памяці з фотаапарата. Відавочна, што прычына такіх паводзін памежнікаў — у балатаванні Зарэмбюка на мясцовых выбарах у Беларусі.
Выкралі ўласны аўтамабіль
У ноч з 7 на 8 красавіка былая дэпутатка Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў 24-га склікання Вольга Карач з мужам Алегам Баршчэўскім былі затрыманыя ў асабістым аўтамабілі работнікамі ДАІ па падазрэнні ва выкраданні.
Вольга Карач, кіраўнік Віцебскага абласнога аддзялення АГП, балатуецца ў дэпутаты Віцебскага гарадскога і Віцебскага абласнога Саветаў дэпутатаў 26-га склікання. Да таго ж, яна з’яўляецца адным з каардынатараў сацыяльнай кампаніі «Наш дом» і сузаснавальніцай гарадской незалежнай газеты «Віцебскі кур’ер».
Пасля затрымання Вольгу з мужам даставілі ў Першамайскае аддзяленне міліцыі Віцебска для высвятлення абставінаў справы. Допыт затрыманых працягваўся каля трох гадзінаў і скончыўся а 3-й гадзіне ночы.
Пасля допыту адбыўся дагляд аўтамабіля, у якім супрацоўнікамі міліцыі былі знойдзеныя тры дзесяткі газеты «Віцебскі кур’ер», некалькі асобнікаў незарэгістраванага бюлетэню «Наш дом» і іншых друкаваных матэрыялаў, якія тычацца гэтай кампаніі. Па факце незаконнага распаўсюду друкаваных выданняў на ўладальніка аўтамабіля Алега Баршчэўскага быў складзены адміністратыўны пратакол, пасля чаго затрыманыя былі нарэшце адпушчаныя. На развітанне супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пратакол будзе перададзены ў суд, і суддзя прызначыць дату працэсу.
Паводле інфармацыі кампаніі «Гавары праўду»