У Савеце Еўропы хочуць бачыць беларускую апазіцыю
Перамовы пра наданне Беларусі статуса адмыслова запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы будуць весціся да чэрвеня, пасля чаго гэта пытанне будзе разгледжана і прынята адпаведнае рашэнне. Пра гэта паведаміў журналістам па выніках візіту ў Мінск дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы старшыня камісіі па палітычных пытаннях ПАРЕ спадар Горан Ліндблад.
Перамовы пра наданне Беларусі статуса адмыслова запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы будуць весціся да чэрвеня, пасля чаго гэта пытанне будзе разгледжана і прынята адпаведнае рашэнне. Пра гэта паведаміў журналістам па выніках візіту ў Мінск дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы старшыня камісіі па палітычных пытаннях ПАРЕ спадар Горан Ліндблад.
«Ізаляцыя ні да чаго добрага не прывяла, таму мы імкнёмся аднавіць статус Беларусі як адмыслова запрошанай у Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Да нас паступалі сігналы пра змяненні ў лепшы бок, — заявіў Горан Ліндблад. — Спачатку гэта пытанне абмяркуюць у камісіі па палітычных пытаннях, затым яно будзе вынесена на абмеркаванне ПАСЕ».
Прадстаўнік Савета Еўропы адзначыў, што не зусім верна будзе казаць пра тое, што Беларусь выканала ўсе ўмовы Еўрасаюза. Але некалькі разоў падкрэсліў, што асаблівых крытэраў для надання краіне статусу спецыяльнага госця не існуе. «Мы будзем настойваць на тым, каб былі прадстаўнікі апазіцыі. Важны дыялог, абмеркаванне працэсу. Я спадзяюся, што Беларусь стане сябрам Савета Еўропы і яе жыхары, напрыклад, змогуць свабодна звяртацца ў Страсбургскі суд, — пакрэсліў Горан Ліндблад. — Цяпер настаў паваротны момант, каб вярнуць Беларусь у сям’ю Еўропы, і фінансавы крызіс дапаможа нам у гэтым. У ЕС да Беларусі не толькі інтарэсы ў галіне свабодаў і правоў чалавека, суду, але і эканамічныя».
Прапанова стварыць сумесную афіцыйна-апазіцыйную дэлегацыю ў Савеце Еўропы была агучаная прадстаўнікамі ПАСЕ падчас сустрэч са спікерам Савета Рэспублікі Барысам Батурам і першым намеснікам Адміністрацыі прэзідэнта Наталляй Пяткевіч. Прадстаўнікі еўрапейскай дэлегацыі паведамілі, што з афіцыйнага боку былі пярэчанні наконт магчымага ўдзелу апазіцыі ў дэлегацыі.
Каб пацвердзіць неадэкватнасць пратэсту ўладаў, Горан Ліндблад прывёў прыклад Кітая, дзе няма апазіцыі ў парламенце. «Мы патрабуем, каб у дэлегацыю былі ўключаныя прадстаўнікі апазіцыі. Калі Беларусь стане сябрам Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, то будуць толькі дзеючыя дэпутаты. Для спецыяльнага статусу ёсць спецыяльныя ўмовы», — заявіў кіраўнік палітычнай камісіі. — Цяпер робіцца ціск на тое, ці ідзе Беларусь па верным шляху. І паступаюць сігналы, што краіна на шляху дэмакратызацыі. Ёсць паўнавартасныя сябры Савета Еўропы, якія ідуць назад, а Беларусь рухаецца наперад».
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька расказаў журналістам, што падчас сустрэчы прадстаўнікоў апазіцыі з дэлегацыяй ПАСЕ абмяркоўваўся варыянт шэсць плюс шэсць, калі ў беларускай дэлегацыі будуць прадстаўленыя шэсць чалавек ад парламента і шэсць чалавек ад апазіцыі.
Горан Ліндблад паведаміў, што за час візіту дэлегацыі абмяркоўваліся пытанні свабоды СМІ, рэгістрацыі і распаўсюду газет. Было закранута пытанне пра палітычныя знікненні, на што генеральны пракурор Беларусі паабяцаў да чэрвеня падрыхтаваць мемарандум па апошніх выніках расследавання. Асноўнай мэтай візіту, па словах Ліндблада, было больш даведацца пра настроі ў парламенце, партыях, НДА, грамадстве.