У Магілёве з'явілася новая групоўка праваабаронцаў-адукатараў "Праўныя дарэктары"
Маладыя магілёўцы аднавілі традыцыю дарэктарства і навучаюць моладзь правам чалавека.
Фота facebook
Знаёмцеся: моладзевая ініцыятыва “Праўныя дарэктары”
У 2013 годзе жаданне абмяркоўваць праблемы і выклікі, якія сёння стаяць перад беларускім грамадствам і чалавецтвам увогуле, аб’яднала ініцыятыўных юрыстаў. Моладзь вырашыла прапанаваць свае варыянты вырашэньня праблемаў, заснаваныя на прынцыпах правоў чалавека. Так паўстала новая ініцыятыва “Праўныя дарэктары”.
Станаўленне: “Веданне сваіх правоў — вось што ўплывае на якасць жыцця”
Да стварэння ініцыятывы маюць дачыненне Настасся, Валерыя, Сяржук і Валдзіс. Яны скончылі Беларускую праваабарончую школу, юрыдычныя ВНУ, працуюць юрыстамі або працягваюць вучобу. Далучыцца да “Праўных дарэктараў” ім дапамагло перакананне, што важна паказваць людзям тую рэчаіснасць, якую ад іх утойваюць.
Сяржук: Мне не падабаецца, што адбываецца ў соцыуме, у праўнай сферы, вынікам якой ёсць вельмі нізкая праўная культура грамадства. Таму цяпер я — частка каманды.
Па меркаванні “Праўных дарэктараў”, правы чалавека выконваюць функцыю своеасаблівага шчыта і дапамагаць вырашаць праблемы негвалтоўным шляхам, прыхільнікамі якога з'яўляюцца заснавальнікі ініцыятывы.
Валдзіс: На сваіх лекцыях і занятках мы прапаноўваем убачыць перавагі “сілы права”, а ня “права сілы” і перайсці да права, як рэгулятара грамадскіх адносінаў.
Асаблівасць: першы асветніцкі праект праўнага кірунку ў Магілёве
Паводле Валдзіса, галоўнай адметнасцю “Праўных дарэктараў”, акрамя асабістага падыходу, уласнага досведу і добрага ведання рэгіянальнага кантэксту, ёсць скіраванасць на моладзь. Менавіта моладзь прагне новых ведаў, жадае паляпшаць свет, адчувае сур’ёзнасць ваенных, міжэтнічных і іншых канфліктаў, што маюць месца ў свеце і ў любы момант могуць пачацца ў нашым рэгіёне.
Планы: “У будучыні хацелася б змяніць свет у лепшы бок”
За чатыры апошнія месяцы ў мерапрыемствах “Праўных дарэктараў” узялі ўдзел больш за 100 чалавек. Маладзёны правялі шэраг лекцыяў, семінараў, кінапраглядаў, дыскусіяў, у часе якіх распавядалі і абмяркоўвалі існуючыя беларускія і замежныя праблемы, і якім чынам у іх вырашэнні могуць дапамагчы правы чалавека.
Валерыя: “Праўныя дарэктары” няблага выконваюць свае функцыі: дзеляцца ведамі па правах чалавека, паказваюць на гэтую тэматыку фільмы.
Праўда, больш за ўсё маладзёны ганарацца новымі людзьмі, якіх прыцягнулі, бо гэтыя людзі дапамагаюць глядзець на пэўныя рэчы з іншага ракурсу, і сваімі пытаннямі выклікаюць у дарэктараў зацікаўленасць у пошуках новых адказаў.
Настасся: Самае галоўнае — веды, якія атрымаюць нашыя ўдзельнікі і якія, калі не дапамогуць ім у будучыні, то зробяць жыццё больш разнастайным.
Цягам лютага “Праўныя дарэктары” правядуць некалькі семінараў і кінапраглядаў. Каб узяць удзел — запоўніце, калі ласка, анкету ці звяжыцеся з арганізатарамі праз электронную пошту: darektary@gmail.com
Пра ўсе мерапрыемствы новай магілёўскай адукацыйна-асветніцкай ініцыятывы для моладзі “Праўныя дарэктары” можна даведацца на іх старонцы ў facebook.
Прэс-служба Асамблеі НДА Беларусі