Магілёў: Касацыйную скаргу журналістаў адхілілі

Судовая калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда адхіліла касацыйную скаргу ЗАТ “БелаПАН”, прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "УзГорак" і журналіста БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. 



2015_02_17_horki1.jpg

На фота (злева направа): юрыст Алег Агееў, Уладзімір Лапцэвіч, Галіна Будная, юрыст Барыс Бухель каля Магілёўскага абласнога суда 16 лютага

Журналісты спрабавалі абскардзіць рашэнне суда Горацкага раёна па пазове старшыні Горацкай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Тамары Калтуновай аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Судовая калегія пакінула рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў.

Пазоў Тамары Калтуновай тычыўся матэрыялаў Уладзіміра Лапцэвіча з судовага працэсу, які праходзіў напрыканцы 2013 года і паміж чальцамі раённай арганізацыі таварыства інвалідаў і старшынёй Горацкай раённай арганізацыі БелТІ Тамарай Калтуновай.

Калтунова палічыла, што апублікаваныя БелаПАН і “УзГоркам” выказванні яе апанентаў у судзе ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

Уладзімір Лапцэвіч і рэдактарка “УзГорка” Галіна Будная ў судзе даводзілі, што змешчаная ў перадрукаваных “УзГоркам” матэрыялах БелаПАН інфармацыя дакладна перадавала пазіцыі бакоў, выказаныя на судовым працэсе.

Юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў, які прадстаўляў судзе інтарэсы ЗАТ “БелаПАН”,  са спасылкай на закон “Аб СМІ” пацвердзіў, што пазіцыі бакоў падчас адкрытага судовага працэсу могуць асвятляцца ў СМІ, і ў гэтым няма парушэння заканадаўства. А ўласныя меркаванні асобаў, выказаныя на працэсе, немагчыма абвергнуць у СМІ.

Судовая калегія не прыняла да ўвагі сведчанняў адказчыкаў.

Уладзімір Лапцэвіч і Галіна Будная кажуць, што яны абавязкова будуць далей абскарджваць рашэнне суда Горацкага раёна ў вышэйшых інстанцыях. У пісьмовым выглядзе рашэнне калегіі аблсуда бакі змогуць атрымаць праз дзесяць дзён.

Юрыст ГА “БАЖ” Алег Агееў лічыць, што СМІ фактычна прыцягнулі да адказнасці за асвятленне судовага працэсу – тобок, за іх непасрэдную працу.

Нагадаем, што 18 снежня 2014 года суд Горацкага раёна прыняў рашэнне спагнаць з прыватнага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “УзГорак”, якое выдае газету пад такой жа назвай, ЗАТ “БелаПАН” і журналіста Уладзіміра Лапцэвіча ў салідарным парадку 6 000 000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды старшыні Горацкай раённай арганізацыі БелТІ (таварыства інвалідаў) Тамары Калтуновай. Адказчыкі таксама абавязаныя аплаціць судовыя выдаткі спн. Калтуновай на суд у памеры 780 000 рублёў.

baj.by