Прызначаная дата суда над Мікалаем Дзядком

Суд над Мікалаем Дзядком адбудзецца 25 лютага на тэрыторыі турмы №4 у Магілёве.



dziadok_2014m.jpg

Сёння стала вядома, што прызначаная дата суда над палітвязнем Мікалаем Дзядком. Аб гэтым сайту statkevich.org  паведаміла жонка палітвязня Валерыя Хоціна. Ён адбудзецца 25 лютага на тэрыторыі турмы №4 Магілёва ў закрытым рэжыме. Судзіць палітвязня будзе суддзя Ленінскага раённага суда г. Магілёва.

 Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле артыкула аб хуліганскіх дзеяннях адносна афіцыйных будынкаў. Сваёй віны актывіст не прызнаў і адмовіўся падпісваць прашэнне аб памілаванні. Міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі Мікалай Дзядок прызнаны палітвязнем.

У канцы траўня 2012 г. паводле рашэння начальніка Шклоўскай калоніі № 7 Мікалай Дзядок быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу на паўгады. Да гэтага яго неаднаразова прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні. За час знаходжання ў магілёўскай калоніі №15 і 17-й калоніі ў Шклове Мікалай атрымаў больш за 10 спагнанняў за розныя надуманыя парушэнні, кшталту “няправільна адрэагаваў на заўвагу”, і не змог трапіць пад амністыю.

4 снежня 2012 г. стала вядома, што адмысловая камісія калоніі прыняла рашэнне аб пераводзе Мікалая Дзядка ў турму. Прычынай абвешчаныя шматлікія спагнанні за парушэнне дысцыпліны, якіх палітвязню прад’яўлена ажно 22.

У лістападзе 2014 года, за 3 месяцы да сканчэння тэрміну, на Мікалая Дзядка завялі новую крымінальную справу па 411-м артыкуле за “парушэнне рэжыму адбыцця пакарання”. Гэты артыкул прадугледжвае павелічэнне тэрміну зняволення да года.

"Следчыя дзеянні" цягнуліся 2 месяцы, потым справа была вернутая пракурорам на даследаванне яшчэ на месяц.

На волю Мікалай Дзядок павінен быў выйсці ўжо 3 сакавіка.

spring96.org