У Будслаў — на ровары
Распачаўся запіс на 10-ю роварную пілігрымку з Мінска ў Будслаў. 3 ліпеня з Мінска ў Будслаў вырушыць 10-я роварная пілігрымка. Ад’езд запланаваны пасля святой імшы, якая адбудзецца ў 9.00 у парафіі св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл).
«Роварная пілігрымка — гэта не толькі падрыхтоўка да сустрэчы з Маці Божай Будслаўскай, але і знаёмства з маляўнічай беларускай прыродай, — распавядае адна з арганізатараў пілігрымкі Наталля Марозава. — Вельмі раю тым, хто яшчэ вагаецца, паспрабаваць гэты від пілігрымкі».
Паводле слоў Наталлі, у розныя гады ў пілігрымцы ўдзельнічалі людзі самых розных узростаў і колькасці. Штогод пілігрымку суправаджае таксама святар. Узрост пілігрымаў — ад 14 да 60 гадоў.
Запісацца на 10-ю пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай на роварах, а таксама ўдакладніць падрабязнасці пілігрымкі можна ў закрыстыі Чырвонага касцёла або па тэлефонах, якія знаходзяцца на сайце catholic.by.