У Беларусі вынесены яшчэ адзін смяротны прысуд

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што ў Беларусі вынесена яшчэ адно смяротнае пакаранне. Асуджаны — 53-гадовы Эдуард Лыкаў, яму інкрымінавана пяць эпізодаў забойства ў стане алкагольнага ап’янення. Рашэнне вынес Мінскі абласны суд 26 лістапада 2013 года. Аднак пад следствам Лыкаў знаходзіцца з 2011 года. За гэты час у яго змянілася тры адвакаты.



383582651.jpg

Пра яго асобу вядома, што ён не меў сталага месца жыхарства, падтрымлівае кантакты з маці, якая жыве ў Баранавічах. Сын жыве ў Расіі, дачка — у Германіі, але з дзецьмі асуджаны стасункаў не мае. Лыкаў — ураджнец Расіі, але з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда адзначае, што гэты выпадак у чарговы раз дэманструе, што дзяржава хавае ад грамадскасці факты вынясення смяротных прысудаў і іх выкананне.

“Чыноўнікі часта кажуць, што ў Беларусі расстрэльваюць адзінкі, але калі няма публічнай інфармацыі, каму вынесена смяротнае пакаранне, калі ўся гэта інфармацыя дзяржаўнымі органамі хаваецца ад грамадскасці, тады складана апеляваць да лічбаў, колькі ж людзей насамрэч было расстраляна ў Беларусі ад імя дзяржавы”.

Праваабаронцы ў межах кампаніі супраць смяротнага пакарання будуць сачыць за гэтай сітуацыяй. І ў выпадку неабходнасці гатовыя аказаць юрыдычную дапамогу абвінавачанаму пры абскарджванні рашэння суда першай інстанцыі ў касацыйным парадку і пры звароце ў Камітэт па правах чалавека ААН.


spring96.org