У судзе па справе Бабарыкі пачынаюцца спрэчкі бакоў
Сёння ў судзе Маскоўскага раёна пачынаюцца спрэчкі бакоў па справе Віктара Бабарыкі і іншых топ-менеджараў «Белгазпрамбанка».
Паводле інфармацыі штаба Бабарыкі, пасяджэнне пачалося а 10:00. Спрэчкі працягнуцца некалькі дзён.
Нагадаем, Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА ўжо год. Яго затрымалі разам з сынам Эдуардам 18 чэрвеня 2020 года. На той момант ён быў самым папулярным апанентам Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах.
Аднак яго не дапусцілі да выбараў, адмовіўшы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты на падставе ліста з КДК у ЦВК, у якім пералічваліся нібыта злачынствы і незаконныя даходы Бабарыкі.
Суд пачаўся 17 лютага. Бабарыку абвінавачваюць у легалізацыі злачынных даходаў і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.
Акрамя Віктара Бабарыкі, абвінавачанымі з'яўляюцца намеснікі старшыні праўлення «Белгазпрамбанка» Сяргей Шабан, Аляксандр Ільясюк, Кірыл Бадзей, Дзмітрый Кузьміч, былы першы намеснік старшыні праўлення Аляксей Задойка, намеснік старшыні праўлення Сяргей Дабралёт, дырэктар ТАА «Актыўлізінг» Віктар Кабяк.
Іх абвінавачваюць у дачы хабару паўторна або ў буйным памеры. Яны прызналі віну і заключылі дасудовыя пагадненні аб супрацоўніцтве.
На пасяджэнні 6 красавіка Бабарыка заявіў аб сфабрыкаванасці справы і адмовіўся даваць паказанні.
belaruspartisan.by