У суботу ГУБАЗіК затрымаў дваіх мужчын, якія выраблялі БЧБ-сцягі. Сёння іх судзілі за «дробнае хуліганства»
У Мінску ў Савецкім судзе асуджаныя затрыманыя на мінулым тыдні за выраб «пратэстнай атрыбутыкі». 51-гадовага мінчука Сяргея Сазона і 29-гадовага грамадзяніна Расіі Уладзіміра Яршова судзілі за іншае — за «дробнае хуліганства» і за «непадпарадкаванне».
Яршоў атрымаў 25 сутак арышту (суддзя — Аляксандр Воўк), Сазон — штраф (80 базавых, 2320 рублёў; суддзя — Сяргей Шаціла) — арышту не далі, бо ў яго на ўтрыманні ёсць непаўнагадовая дачка, паведамляе «Еўрарадыё».
Пра тое, што «супрацоўнікі ГУБАЗіКа спынілі
падпольную вытворчасць прадметаў з незарэгістраванай сімволікай»,
прэс-служба МУС паведаміла 13 лютага. Было паказанае відэа. Па версіі міліцыі,
працаўнікі прыватнай друкарні пасля завяршэння змены «штампавалі
бчб-сцягі, маскі, расцяжкі, налепкі» і гэтай прадукцыяй «забяспечывалі ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў». І так
працавалі некалькі месяцаў.
У пратаколах было напісана, што Сазон і Яршоў «наўмысна і з хуліганскіх меркаванняў пачалі выказваць незадаволенасць працай органаў унутраных спраў», «размаўлялі на падвышаных танах, выказвалі на адрас супрацоўнікаў словы «фашысты», «карнікі», на заўвагі капітана міліцыі Громава не рэагавалі, чым наўмысна парушылі дзейнасць Савецкага РУУС».
А яшчэ «хапалі капітана Громава за форму і ўпіраліся нагамі». Сазон сказаў,
што гэтага не было: яго трымалі на крэсле ў падвальным памяшканні. Яршоў
таксама віны не прызнаў, сказаў, што сведкі-міліцыянеры хлусяць.