Лекар Мікіта Салавей: Сёння ўсе мы — Арцём Сарокін. Праўда дапаможа нам перамагчы, я ўпэўнены
Вядомы беларускі інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук і член асноўнага складу Каардынацыйнай рады Мікіта Салавей напісаў пост на сваёй старонцы ў фэйсбуку, у якім падтрымаў калегу Арцёма Сарокіна.
Сарокін — гэта той палітзняволены лекар, які агучыў журналістцы TUT.BY Кацярыне Барысевіч інфармацыю пра цвярозасць Рамана Бандарэнкі ў момант смерці. Цяпер абодвух — доктара і карэспандэнтку — будуць судзіць паводле крымінальнай справы.
— 19 лютага 2021 г. пачнецца суд над лекарам анестэзіёлагам-рэаніматолагам БХМД г. Мінска Арцёмам Сарокіным і журналісткай партала tut.by Кацярынай Барысевіч, — піша Мікіта Салавей. — Суд над сапраўднымі беларусамі, якія не пабаяліся агучыць праўду і не далі запляміць хлуснёй памяць Рамана Бандарэнкі, збітага да смерці групай дагэтуль не ўстаноўленых следствам нелюдзяў.
Зараз мы, медыцынскія работнікі Рэспублікі Беларусь як ніколі маем патрэбу ў аб'яднанні і ўсеагульнай салідарнасці. Сёння па ўсёй краіне лекары, фельчары і медсёстры сталі насіць бэйджы з імем Арцёма Сарокіна. Таму што мы хочам, каб кожны наш калега і кожны пацыент, які звяртаецца да нас па дапамогу, ведаў пра Арцёма Сарокіна і Кацярыну Барысевіч, пра іх несправядлівы арышт, абсурднае абвінавачванне і спробы на іх прыкладзе запалохаць іншых членаў грамадства.
Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч сказалі праўду. Гэта ведаюць практычна ўсе. Сёння кожны з нас —Арцём Сарокін. І мы таксама можам і павінны гаварыць праўду. Праўду аб рэальным становішчы спраў у сістэме аховы здароўя. Праўду аб нашых патрэбах у абсталяванні, расходніках і леках, каб не толькі валодаць сучаснымі ведамі ў сваёй спецыяльнасці, але і быць здольнымі іх рэалізаваць на практыцы, аказваючы на такім жа сучасным узроўні паўнавартасную дапамогу нашым пацыентам. Праўду аб несправядлівасці вакол нас. Праўду аб усім, што важна для нармальнага развіцця грамадства.
Праўда дапаможа нам перамагчы і як мага хутчэй вызваліць
сотні нашых самых лепшых незаконна затрыманых і асуджаных сапраўдных беларусаў.
У гэтым я абсалютна ўпэўнены.Сапраўды, у панядзелак пачаўся флэшмоб сярод медыкаў у падтрымку Арцёма Сарокіна. Лекары з розных гарадощ і ўстаноў выходзяць на працу з бэджам, на якім пазначана імя палітвязня з БХМД.