У сеціва выкладзены статут БАПЦ за 1927 год
Беларускі святар Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату протаіерэй Сяргей Горбік аблічбаваў і выклаў у сеціва выдадзены ў Мінску ў 1927 году Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Подпісы пад статутам паставілі старшыня Беларускага царкоўнага ўпраўлення, епіскап Бабруйскі Філарэт, протаіерэі Кіркевіч і Пігулеўскі і псаломнік Бараноўскі.
Згодна са Статутам, БАПЦ з’яўляецца непадзельнай часткай Адзінай Сусветнай Праваслаўнай Царквы, аўтакефалія якой належыць ёй у сілу гістарычных, этнаграфічных і палітычных умоў і адпавядае нормам кананічнага права.
У складзе БАПЦ аб’яўляліся ўсё стара-царкоўніцкія арганізацыі, якія знаходзіліся ў межах БССР, а яе членамі — «усе грамадзяне абодвух палоў праваслаўнага вызнання, якія хрышчаныя паводле абраду Праваслаўнай Царквы, і захоўваюць з ёй жывую малітоўна-еўхарыстычную сувязь».
Засядаючы ў Мінску мітрапаліт атрымліваў права склікаць саборы БАПЦ, сцвярджаць і хіратанісаваць абраных епархіямі епіскапаў, клапаціцца пра выраб міра і забеспячэнне ім усёй царкоўнай вобласці.
«Гэты Статут абвяргае ўсе байкі пра тое, што гэта была «аўтаномная» частка РПЦ. Ці пра тое, што праваслаўныя беларусы не хацелі мець сваю памесную Праваслаўную Царкву», — адзначае Сяргей Горбік.
Азнаёміцца са Статутам і спампаваць яго можна тут.
Паводле krynica.info