У магілёўскай ПК-15 з'явіцца свая інтэрнэт-крама для зняволеных

Папраўчая калонія №15 стане ўжо другой інтэрнет-пляцоўкай для турэмнага гандлю. Раней у шклоўскай ПК-17 увялі практыку набыцця прадуктовых «падарункавых сертыфікатаў» на сумы ад 10 да 500 рублёў (хапае як раз на 50 дазволеных рэжымам кілаграм), піша Магілёўская вясна.

assortiment.jpg


Між тым, мяркуючы па ўсім, адміністрацыя ПК-15 пакуль не змагла знайсці праграмістаў патрэбнай кваліфікацыі для арганізацыі бесперабойнай працы крамы.
З-за гэтага паўстала блытаніна: вязні папраўчай установы ўжо папярэдзілі сваіх сваякоў, што ім рэкамендавана выкупляць прадукты ў інтэрнэт-краме, для чаго спачатку трэба зарэгістравацца на сайце. Тыя, у сваю чаргу, кінуліся шукаць патрэбнае даменнае імя, каб аформіць асабісты кабінет, а яго пакуль няма.
Пры гэтым сваякам, якія пабывалі на кароткатэрміновых і працяглых спатканнях, самі супрацоўнікі калоніі пацвердзілі, што інтэрнэт-крама на самай справе ёсць. Гэта пашыраны асартымент мясцовага буфета, куды зняволеныя ходзяць на "атаварку".
Толькі спачатку было заяўлена, што першыя пакупкі можна будзе зрабіць у 20-х чыслах жніўня. Зараз жа дата старту інтэрнэт-пляцоўкі перанесена на верасень.