У Курапатах — масавыя затрыманні. Актывістаў моцна збілі (абноўлена)
Пра гэта паведамляецца ў сацыяльных сетках.
Журналіст Дзяніс Івашын паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку аб тым, што масава затрымліваюць удзельнікаў Курапацкай варты. На відэа Івашына бачна, як людзі ў цывільным нападаюць на ўдзельнікаў варты. Спачатку міліцыянты ў форме бяздзейнічалі, але потым затрымалі актывістаў і адвезлі ў Бараўлянскі РАУС.
Напад на ўдзельнікаў варты адбыўся пасля таго, як кандыдат у дэпутаты Зміцер Казакевіч паспрабаваў патрапіць да выбарнікаў, паразмаўляць з імі на тэрыторыі рэстарацыі «Паедзем паядзім». Калі пачалася тузаніна, выклілкалі міліцыю. Затрыманыя актывісты Зміцер Казакевіч, Максім і Дзяніс Урбановічы, Віталь Трыгубаў, Валер Рабцаў, Іларыён Трусаў.
З нагоды затрымання Змітра Казакевіча БХД, сябрам якой ён з'яўляецца, заявіла: «У выпадку, калі Змітра Казакевіча арыштуюць, будзе фактычна сарваная яго перадвыбарчая кампанія. Да масавай нерэгістрацыі і зняцця кандыдатаў, адмоваў і перашкодаў у запісе тэлевыступаў і тэледэбатаў цяпер далучыліся і затрыманні ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Усё гэта з’яўляецца недапушчальным і поўным беззаконнем».
«Гэтая “выбарчая” кампанія ўжо паказала, як улады будуць сябе паводзіць у найбліжэйшы год і прэзідэнцкія выбары. Яшчэ на рэгістрацыі кандыдатаў яны сарвалі маску са свайго твару і працягнулі найгрубейшы здзек з права на вольныя выбары падчас этапу агітацыі. Да выкарыстання адміністрацыйных рэсурсаў для праўладных кандыдатаў, застрашвання і пагрозаў зняцця для моцных незалежных кандыдатаў цяпер далучылася яшчэ і брутальнае затрыманне. Гэта сапраўдны твар выбарчага працэсу ў Беларусі. Відавочна, што рэжым дэманструе гатовасць душыць сваіх апанентаў любым чынам», — адзначыў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
Увечары таго ж дня быў вызвалены Іларыён Трусаў. Астатнія застаюцца ў пастарунку, імаверна 4 лістапада іх будуць судзіць.
Іларыён напісаў, што вымушаны будзе звярнуцца па медыцынскую дапамогу, бо пакуль іх везлі ў мікрааўтобусе, міліцыянты пашкодзілі нагу. Акрамя таго, па словах хлопца, ціхары фізічна здекаваліся з затрыманых, тапталі нагамі. Самога ж Іларыёна абшукалі і дапыталі без прысутнасці маці (хлопец непаўнагадовы). Цяпер яму пагражае адпраўка ў спецустанову закрытага тыпу, бо гэта ўжо чацвёрты пратакол на яго.
Пазней стала вядома, што ў шпіталі знаходзіцца Дзяніс Урбановіч — ён атрымаў траўму шыі. Пра гэта ў фэйсбуку напісаў Дзяніс Івашын.
Увечары вызвалілі і Зміцера Казакевічаю Ён распавёў, што пасля затрымання іх проста закінулі ў мікрааўтобус, а зверху селі "ціхары". Усю дарогу яны натуральна скакалі па актывістах, збівалі іх нагамі.
На Зміцера Казакевіча склалі пратакол па арт. 23.4 (непадпарадкаванне міліцыі) і арт 17.11 (дробнае хуліганства).