Шэсце на Дзяды: жывая трансляцыя
Апоўдні 3 лістапада ў Мінску ад метро «Парк Чалюскінцаў» пачынаецца традыцыйнае шэсце на Дзяды — дзень памяці продкаў. Радыё Свабода вядзе жывую трансляцыю.
Шэсце і мітынг у мемарыяльным комплексе Курапаты санкцыянаванае ўладамі. Яго традыцыйна ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ. Удзельнікаў чакаюць ад 11:30 каля гадзіннікавага заводу (пр. Незалежнасці, 95).
Адказны сакратар КХП-БНФ і кіраўнік грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алесь Чахольскі прапанаваў прадстаўнікам рэгіянальных ініцыятываў сабраць сваіх актывістаў і далучыцца да мінскай акцыі на «Дзяды» з расцяжкамі, на якіх былі б назвы месцаў масавых расстрэлаў, мемарыялізацыяй якіх яны займаюцца. Такім чынам, на яго думку, будзе паказана, «што прыяжджаюць людзі з усёй Беларусі і колькі такіх месцаў у краіне».
Першая масавая дэманстрацыя ў Курапатах прайшла ў 1988 годзе, тады людзей разагналі ўнутраныя войскі з прымяненнем слезацечнага газу і спецсродкаў. Першы сямімэтровы крыж на тэрыторыі мемарыялу з'явіўся праз год, на Дзяды 1989-га. Яго назвалі Крыж Пакуты.