У «чорны спіс» падаткавікоў трапіў аператар будынкаў Адміністрацыі Лукашэнкі і КДБ
Галоўнае гаспадарчае ўпраўлення (ГГУ) Упраўлення справамі кіраўніка Беларусі не плаціць падаткі ў бюджэт.
А таму трапіла ў «чорны спіс» Міністэрства па падатках і зборах па выніках першага паўгоддзя 2016 года.
ГГУ зʼяўляецца буйнейшым аператарам камерцыйнай нерухомасці на беларускім рынку. Было створанае ў 1994 годзе для ўпраўлення адміністратыўнымі будынкамі на тэрыторыі Беларусі, перададзенымі яму паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі.
На афіцыйным сайце ГГУ напісана, што ўпраўленне зʼяўляецца «самым буйным аператарам на рынку нежылой нерухомасці Беларусі» і абслугоўвае каля 400 будынкаў і збудаванняў. Сярод іх будынкі Адміністрацыі кіраўніка краіны, Саўміна, Упраўлення справамі кіраўніка Беларусі, Саўбез, КДБ, КДК, міністэрствы, дзяржкамітэты і «іншыя цэнтральныя органы ўпраўлення Рэспублікі Беларусь». Значная частка плошчаў, якімі распараджаецца ГГУ, здаецца ў арэнду ў сталіцы і ў абласных цэнтрах.
Сярод буйных бізнесаў з праблемамі па плацяжах у бюджэт па выніках першага паўгоддзя часцей за іншых сутыкаліся менавіта дэвелаперы.
belsat.eu