У «Брузгах» зноў зладзілі мітынг мігрантаў. Самі мігранты расказалі пра ультыматум сілавікоў


Днём 4 снежня мужчыны і дзеці выйшлі на чарговую акцыю пад гандлёва-лагістычным цэнтрам «Брузгі», дзе звыш тысячы чалавек знаходзяцца пад кантролем беларускіх сілавікоў, «людзей у цывільным» і ўзброеных «зялёных чалавечкаў» без апазнавальных знакаў.

Мітынг мігрантаў каля гандлёва-лагістычнага цэнтра «Брузгі». 4 лістапада 2021 года. Кадр з відэа: «БелТА»

Мітынг мігрантаў каля гандлёва-лагістычнага цэнтра «Брузгі». 4 лістапада 2021 года. Кадр з відэа: «БелТА»


Мітынг праходзіць за агароджай, па іншы бок якой стаяць людзі ў вайсковай форме. «Мы прыйшлі па лепшае жыццё», «Мы не можам вярнуцца ў Ірак», «У нас няма свабоды ў Курдыстане», — мігранты трымаюць некалькі «набораў» плакатаў з аднолькавымі надпісамі.
Ці санкцыянаваная акцыя, невядома. Але, як і ранейшыя акцыі ў «Брузгах», яе не разганяюць: сілавікі толькі ахоўваюць перыметр, дзяржаўныя беларускія медыя робяць рэпартажы.
У нацыянальным аэрапорце «Мінск» эвакуацыі чакаюць 580 чалавек, сцвярджаюць на БТ. Чарговы эвакуацыйны рэйс у Эрбіль, што ў іракскім Курдыстане, павінен вылецець каля 15:45 4 снежня. На 5 снежня таксама запланаваны рэйс у Багдад.
Тым часам расійская «Новая газета»піша, што з ёй звязаліся сірыйскія мігранты, якія знаходзяцца на беларуска-польскай мяжы. Яны расказалі, што ў лагер прыходзілі два чалавекі (адзін у вайсковай форме і адзін у цывільным), якія паведамілі, што даюць мігрантам тры дні, каб тыя прарваліся ў Польшчу, інакш іх дэпартуюць у Сірыю.
Паводле суразмоўцаў «Новой газеты», у «Брузгах» цяпер застаецца каля 1400 чалавек, большасць з якіх – курды з Ірака і Сірыі.
Спробы нелегальнага пераходу мяжы з удзелам беларускіх сілавікоў сапраўды не спыняюцца. Польская Памежная ахова паведамляе, што 3 снежня беларускія сілавікі некалькі разоў спрабавалі пашкодзіць калючы дрот і сляпілі лазерамі польскіх памежнікаў.