У Беларусі — новы кіраўнік МУС

У Беларусі — новы міністр унутраных спраў. Ім стаў Іван Кубракоў, паведамілі ў эфіры "Беларусь 1".

Фота: ГУУС Мінгарвыканкама

Фота: ГУУС Мінгарвыканкама


Да прызначэння кіраўніком МУС Кубракоў з 28 сакавіка 2019 года працаваў начальнікам Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў (ГУУС) Мінскага гарвыканкама, а раней на працягу двух гадоў узначальваў упраўленне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.
Кубракоў уключаны ў санкцыйныя спісы ЗША і ЕС як адзін з адказных за рэпрэсіі і гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Гэтую пасаду займаў з чэрвеня 2019 года Юрый Караеў, які змяніў Ігара Шуневіча. Цяпер ён прызначаны памочнікам прэзідэнта па Гродзенскай вобласці.
Акрамя таго, Лукашэнка прызначыў памочнікамі прэзідэнта Валерыя Вакульчыка — па Брэсцкай вобласці, Аляксандра Барсукова па Мінску.
3 верасня гэтага года Аляксандр Лукашэнка прызначыў Валерыя Вакульчыка дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі. Да гэтага Вакульчык амаль 8 гадоў быў старшынём КДБ Беларусі, у 2011 годзе стаў першым старшынём Следчага камітэта, у 2008 годзе — начальнікам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце. Вакульчык узначальваў аж чатыры сілавыя ведамствы краіны, такіх прыкладаў у гісторыі сучаснай Беларусі больш няма.

Аляксандр Барсукоў з 24 снежня 2019 года быў намеснікам міністра ўнутраных спраў-начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі.
З'яўляўся адным з кіраўнікоў, якія займаліся разгонам масавых пратэстаў па выніках прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Нягледзячы на шматлікія сведчанні гвалту затрыманых у ходзе масавых пратэстаў, вечарам 13 жніўня Барсукоў заявіў, што «ніякіх здзекаў не было».
31 жніўня Барсукоў уключаны ў спіс асоб, на якіх накладзеная бестэрміновая забарона на ўезд у Латвію, пяцігадовая забарона на ўезд у Эстонію і забарона на ўезд у Літву ў сувязі з тым, што сваімі дзеяннямі ён арганізаваў і падтрымаў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і наступнае гвалтоўнае падаўленне мірных пратэстаў.