Таварыства аматараў беларускай гісторыі будзе падаваць на регістрацыю
Мінскае гарадское таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага будзе падаваць дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю. Пра гэта вечарам 6 лютага ў Мінску на агульным сходзе сябраў таварыства паведаміў намеснік старшыні гэтага добраахвотнага, недзяржаўнага, непалітычнага і некамерцыйнага грамадскага аб’яднання прафесар Анатоль Тарас.
Ён нагадаў, што таварыства было створана 12 студзеня 2013 года. За два гады працы ТАБГ выдала чатыры навуковых выпускі «Запісаў таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава
Ластоўскага». Прычым, у першы, прэзентаваны на арганізацыйным сходзе, увайшлі зварот да аматараў беларускай гісторыі, праект статута ТАБГ, а таксама артыкулы, прысвечаныя сівой даўніне
Бацькаўшчыны, мінуламу вёсак, беларускай тапаніміцы і падзеям найноўшай гісторыі. Наступныя выпускі запісаў былі прысвечаныя гісторыі беларускай Смаленшчыны, 150-годдзю нацыянальна-вызвольнага
паўстання 1863-1864 гадоў і 500-годдзю бітвы пад Оршай.
На бягучы год запланаванае выданне яшчэ двух выпускаў навуковых запісаў ТАБГ. Як і раней, таварыства разам з грамадскім Інстытутам беларускай гісторыі і культуры, зарэгістраваным у Рызе
(Латвія), будзе праводзіць навуковыя канферэнцыі па найбольш актуальных праблемах айчыннага мінулага.
Цягам часу меркавалася на базе ТАБГ стварыць рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне, аднак гэта пакуль немажліва, бо ў таварыстве няма сябраў з Віцебскай, Гомельскай. Гродзенскай і
Магілёўскай абласцей.
ТАБГ аб’ядноўвае прафесійных гісторыкаў, краязнаўцаў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў, артыстаў, дызайнераў, інжынераў, педагогаў, прадпрымальнікаў, літаратараў і журналістаў з сталіцы,
Мінскай і Брэсцкай абласцей. Таварыства створана для аб’яднання высілкаў аматараў гісторыі і краязнаўцаў з мэтай даследавання і папулярызацыі славутага мінулага Бацькаўшчыны і выхавання ў
грамадзянаў пачуцця патрыятызму. Таварыства праводзіць сустрэчы з краязнаўцамі і аматарамі гісторыі ў абласных і раённых цэнтрах Беларусі, мае свой інтэрнэт-сайт.
На 26 лютага таварыства запланавала чарговае ўшанаванне лаўрэата штогадовай прэміі ТАБГ імя Вацлава Ластоўскага.