Таццяну Батура, затрыманую на судзе Залатар, арыштавалі яшчэ на 15 сутак
Дзяўчыну, затрыманую на судзе над Вольгай Залатар, зноў арыштавалі на 15 сутак. Яе трымаюць у карцары і абяцаюць утрымліваць за кратамі два месяцы, паведамляюць праваабаронцы.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 1 снежня разглядзелі справу 32-гадовай Таццяны Батуры, якую затрымалі 15 лістапада ў Мінгарсудзе, калі яна хацела патрапіць на першы судовы працэс па справе палітзняволенай Вольгі Залатар. Справу вяла суддзя Таццяна Полулех.
Падчас суда Таццяна Батура паспела распавесці, што з 18 лістапада і да моманту перазатрымання яна ўтрымлівалася ў карцары, дзе акрамя яе сядзяць яшчэ пяць жанчын. «Шконку» ад сцяны адчапляць забаронена, спяць усе на падлозе. Акрамя гэтага, Таццяна паскардзілася, што ў яе вошы, якія перадаліся ад бяздомных жанчын у камеры. Таксама дзяўчына заявіла, што ў РУУСе міліцыянты паабяццалі ёй, што будуць утрымліваць яе за кратамі два месяцы.