«Шлях ад лядоўні да ложка шмат разумовых выдаткаў не патрабуе»

Падчас пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў можна было пабачыць шмат цікавых, крэатыўных і дасціпных плакатаў. Хто гэтыя асобы і што хаваецца за кароткімі мэсэджамі на іх плакатах? З аўтарамі некаторых з іх у сваім спецпраекце гутарыць Кірыл Стаселька.

_c3c485.jpg

Пра свой плакат, расчараванне ў завадчанах, прагу да жыцця і ведаў распавядае Сабіна.

Пра плакат і завадчан

— Плакат «Обнимайте работяг, не военных» намаляваўся ў маёй галаве ў момант, калі салдаты тэрміновай службы каля Дома ўрада паставілі свае шчыты на зямлю, а дзяўчаты кінуліся іх абдымаць і цалаваць, дорачы кветкі.

Камічнасць сітуацыі ў тым, што хлопцы проста выканалі сваю стойку «вольна». Яны не адкінулі шчыты, не знялі маскі, не сталі ў адзін шэраг з мітынгоўцамі. А дзяўчаты расцанілі гэта як «о май гад, яны апусцілі шчыты, яны з намі». Не, будзе каманда біць гэтымі шчытамі ўсіх прысутных — будуць выконваць.

Таму гэтае відовішча выклікала ў мяне буру эмоцый, ад здзіўлення да агіды. Хацелася крычаць: «Што вы робіце?!» Але тады я моўчкі глядзела на гэта як паралізаваная. Увесь астатні вечар у мяне круцілася ў галаве гэтая сітуацыя, і раніцай не засталося сумневаў: гэта я павінная сказаць людзям і тым самым падбадзёрыць завадчан, папярэдзіць далейшыя такія выпады ў бок сілавікоў.

У той час мы акурат хадзілі з дзяўчатамі штодня да 6-й раніцы на заводы, раздавалі ўлёткі з інфармацыяй, што яны не адны, іх падтрымаюць, дарылі кветкі завадчанам... Ды шмат усяго...

Паралельна адбываліся рухі на заводах. У прыватнасці, МТЗ і МАЗ сталі пісаць заявы на звальненне, далучацца да страйку.

Плакат зляпіўся з дзвюх паралельных падзей. Ідэальнае спалучэнне выйшла на той момант.

«Заводы спалохаліся». І тады, і нават праз паўгода зразумела адно: калі б заводы спынілі сваю працу, калі б спыніўся ўвесь горад, мы хутчэй дасягнулі б запаветнай мэты. Гэта было 25 тыдняў таму. Цяпер гэты плакат не мае аніякага дачынення да рэчаіснасці. Заводы спалохаліся, завадчане так і не змаглі паверыць, што ім сабралі дастаткова сродкаў у дапамогу, і абдымаць іх катэгарычна няма за што.

Ці шкадую я пра гэты плакат? Вядома, не. Тады мы мелі велізарную веру ў іх.

Пасля выхаду відэа ад завадчан «Гомсельмаша» ў падтрымку УНС — відэа, якое больш нагадвае «7 з’езд працоўнай партыі Паўночнай Карэі», — у мяне ўжо іншыя пачуцці. Абняць ад жалю, хіба што... Гэтаму ўбогаму рабству, бязволлю і баязлівасці можна толькі паспачуваць.

ec3c4859b6bfdc7e6ac91c257b479cd1.jpg


«Рэч у самаадукацыі, цікавасці да жыцця»

Ці лічу я, што «рабская хвароба» — біч усіх беларусаў? Не!!! Шчыра перакананая, што рэч у самаадукацыі, цікавасці да жыцця і празе ведаў. Нішто не перашкаджае чалавеку глыбей даведацца пра гісторыю сваёй краіны, пачытаць кнігі (і тут я не пра любоў у школе да прадмета «Гісторыя Беларусі», з абыякавымі выкладчыкамі, якія ненавідзяць дзяцей і працуюць за тры капейкі, механічна скормліваючы ім вузкую школьную праграму).

Пра галоўнае

Ні мае бацькі, ні іх бацькі, ні мае прадзеды не былі за... пакуль яшчэ дзейную ўладу. У маім блізкім атачэнні няма феномена: «ну вы ж разумееце», «не цікаўлюся палітыкай, і мне ўсё роўна, у які канцлагер нас вязуць».

Мы доўга з сябрамі разважалі на гэтую тэму, абмяркоўвалі сваё выхаванне, нашых бабуль ваеннага часу і даваенных прадзедаў. Ведаеце, да якой мы высновы прыйшлі? Рэч не ў савецкім выхаванні і не ў галодным дзяцінстве. Рэч у розуме, у цікаўнасці і цікавасці да гісторыі, здольнасці аналізаваць і супастаўляць. Прага да ісціны, так бы мовіць, «аддзяляць збожжа ад пустазелля». А для тых, у каго патрэбы былі базавыя: паесці, выпіць, папрацаваць за капейкі, — ім ніякія маршруты іншыя не патрэбныя і альтэрнатывы. Шлях ад лядоўні да ложка шмат разумовых выдаткаў не патрабуе.

Шмат людзей даказала, што гэта не інтэлігенцыя так прыдумала — і рэч не ва ўзросце, інакш «маршаў мудрасці» не было б. Гэта звычайныя людзі, якія думаюць і якія самі сябе зрабілі такімі. Людзі каля кармушкі заўсёды былі і будуць, ім проста не выгодная змена ўлады, ім не патрэбная свабода — яны не ведаюць, што з ёй рабіць. Ключавое: дэталь. Так, многім не хочацца нічога рабіць, і ККД іх імкнецца да нуля... Ну ці да 3% максімум.

Некаторыя проста баяцца свабоды, што нагадвае мне сітуацыю, калі дзіця своечасова не сепаравалася ад бацькоў. Дык вось, многія не могуць сепаравацца ад дыктатара. Яны не ўмеюць жыць не па ўказцы, прывыклі давяраць БТ і ведаюць, што іншадумства будзе пакаранае рэменем або капейкай. «Здавольвацца малым і не трындзець, інакш будзе горш, яшчэ глядзі і праклятая Еўропа нас забярэ», — вось слоган, які ўдзёўбвалі нам 26 гадоў.

budzma.by