Шахцёр Алег Кудзёлка затрыманы за «пікетаванне на дачным участку»
Сёння раніцай пры паходзе ў ДАІ быў затрыманы шахцёр Алег Кудзёлка. Па стане на 20-ю гадзіну вечара ён не выйшаў з РАУСа, а дома прайшоў агляд, паведаміла яго жонка Таццяна.
— Яго абвінавачваюць нібыта ў адзіночным пікетаванні на дачным участку. Гэта глупства, не ведаюць, за што зачапіцца, — распавяла Таццяна. — У нас унутры двара ёсць флагшток, на якім быў не забаронены сцяг. Яны да гэтага сцяга прычапіліся ў красавіку. Адміністрацыйную справу завялі на мяне, але потым адмянілі праз адсутнасць складу правапарушэння. А ў чэрвені зноў адкрылі на мяне, было апытанне, без нас адчынялі нашу браму, але з тых часоў — вось ужо два месяцы — я нічога не атрымлівала. І цяпер усё тое ж, што інкрымінавалі мне, пішуць яму (Алегу. — НЧ).
Таццяна не ведае, чаму на гэты раз зацікавіліся яе мужам. Апошні раз да сям’і з вобшукам прыходзілі ў чэрвені, Алега Кудзёлку апытвалі па крымінальнай справе нібыта аб абразе. А цяпер аказалася, што яго абвясцілі ў вышук — хаця ён нікуды не з’язджаў. Сёння мужчына сам пайшоў у ДАІ, каб памяняць правы.
— У 11 — на пачатку 12-й ён пайшоў у ДАІ. Падаў дакументы, і тут пачаўся нейкі рух: то база завісла, то запытваюць, ці мяняў ён пашпарт. У выніку прыйшло шмат міліцыі і мужу сказалі: «Вы затрыманы». Яго адвезлі ў РАУС, а калі туды прыйшла я, мне сказалі: «Ідзіце».
Таццяна напісала хадайніцтва, каб ёй патлумачылі, чаму затрымалі яе мужа, а таксама пайшла на прыём да дзяжурнага міліцыянта Канапацкага, ад якога атрымала шмат абраз і лаянкі, але не ўцямнага адказу.
— Ён сказаў, што мужа затрымалі нібыта за адзіночнае пікетаванне па артыкуле 24.3 (гэта артыкул за «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы», а «парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства» (пікетаванне) — гэта арт. 24.23 КаАП. — НЧ).
Пасля Таццяна вырашыла пайсці знайсці адваката, але яе не выпускалі з РАУСа без тлумачэння прычын цягам дзвюх гадзін.
— Потым прыехалі іншыя начальнікі, паехалі разам са мной у пракуратуру, напісалі пастанову на агляд, і сёння ў нас быў чарговы вобшук-агляд, — дадала жанчына.
Паводле яе слоў, нічога не знайшлі, з дому нічога не забралі.
Калі Таццяна спрабавала даведацца, калі над яе мужам адбудзецца суд, у адказ яна пачула толькі лаянку.
Алег Кудзёлка — шахцёр 4-га руднага ўпраўлення «Беларуськалія», у верасні 2020 года ён абвяшчаў бестэрміновы страйк і адмаўляўся падымацца на паверхню.