Сутнасцю ўсяго клопату дзяржавы пра беларускія сем'і — фікцыя і нічога больш
Народ для дзяржавы? Мама 11-гадовага хлопчыка адказала чыноўніцы, вельмі незадаволенай сучаснымі бацькамі, піша «Люстэрка»
Начальніца ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Мінпрацы Святлана Бялаш у эфіры дзяржканала СТБ выказала незадаволенасць сучаснымі беларускімі бацькамі. Паводле чыноўніцы, у іх назіраецца «праблема ўтрыманства і спажывальніцтва».
Чыноўніца задалася пытаннем, чаму вырасла пакаленне, якое «не можа нармальна выхоўваць дзяцей», і заявіла, што «нашую моладзь трэба вучыць бацькоўству». Ганна Златкоўская, мама 11-гадовага хлопчыка, тлумачыць чыноўніцы і людзям, якія падзяляюць яе меркаванне, што ў нармальнай краіне мусіць быць менавіта «дзяржава для народа», а не наадварот.
— Новае пакаленне вырасла нейкае крывое, на думку Святланы Бялаш, «усе патрабуюць ад дзяржавы, ад настаўнікаў». Мне падабаецца гэтая фармулёўка, бо ў ёй заяўлена галоўнае: дарослыя людзі, якія выхоўваюць дзяцей, патрабуюць ад дзяржавы і чыноўнікаў і чыноўніц выканання сваіх абавязкаў.
Не народ для дзяржавы, а дзяржава для народа. Уласна, так і мусіць быць у нармальнай краіне. Але, на жаль, пакуль яшчэ не ў Беларусі.
На радзіме па-ранейшаму імкнуцца кантраляваць. То-бок «вучыць бацькоўству» (цытата начальніцы ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы). Можна спытаць, як гэта будзе адбывацца? Хто той педагог па бацькоўстве і якія ў яго перавагі ў параўнанні з іншымі? Якія каштоўнасці і светапогляд? Якіх выхаваўчых метадаў прытрымліваецца педагог: лічыць нормай рукапрыкладства ці ўсё ж усведамляе, што дзяцей біць нельга ні пры якіх абставінах?
Грунтуючыся на палітыцы рэжыму, выходзіць чысценькі падліза-ідэолаг, які пакорліва верыць у сістэму дыктату, дзе дэмакратычныя погляды і нянавісць да развязанай вайны ва Украіне — гэта, наадварот, недахопы, а не перавагі.
Мама тут — выключна парадзіха і хатняя гаспадыня, адданая самка свайго мужчыны, задача якога — забяспечваць тылы і своечасова апладняць каханую.
Бо дзяржава хоць і незадаволеная цяперашнім пакаленнем, але вельмі занепакоеная дэмаграфічнай сітуацыяй, бо жанчыны не хочуць займацца толькі прадукаваннем нашчадкаў, а будуюць кар’еру, падарожнічаюць, займаюцца самаразвіццём і патрабуюць ад краіны яшчэ нейкіх правоў і прытрымлівання законам.
Такія мамы цяпер сядзяць у калоніях, такія бацькі знаходзяцца тамсама. Непажаданыя, няправільныя, свабодалюбівыя людзі. Марына Золатава, Вольга Залатар, Дар’я і Ігар Лосікі, Павел Севярынец, Антаніна Канавалава і Сяргей Ярашэвіч — спіс бацькоў, асуджаных па «палітычных» артыкулах, занадта доўгі, каб уключыць усіх пацярпелых ад рук рэжыму.
І ўсё гэта лёсы не толькі дарослых, але і дзяцей, якім так патрэбныя тата і мама. Улады не перажываюць за хлопчыкаў і дзяўчат, не думаюць пакутліва, як бацькам жывецца кожны дзень без тых, хто яшчэ ўчора абдымаў любімую матулю за шыю, слухаў казку перад сном і вучыў першыя словы з буквара. Гэтае выхаванне засталося за межамі агульначалавечых каштоўнасцяў, у непажаданых дыктатуры няма правоў і, адпаведна, хацець чагосьці яны таксама не могуць.
Селекцыя грамадства выразна акрэсленая пасля падзей 2020 года: адданыя рэжыму — направа, не адданыя — у турму.
Пафасныя прамовы пра моладзь, якую неабходна вучыць, грунтуюцца толькі на служэнні дзяржаўнай машыне, і ніяк інакш.
І ўсё ж, калі ідзе гаворка пра выхаванне будучых бацькоў, пачніце з малога. Перастаньце думаць архаічнымі стэрэатыпамі, дзе жанчына — пакорлівая захавальніца ачага, а мужык — здабытчык. Раскажыце пра тое, што такое хатні гвалт і куды бегчы дзяўчыне ці хлопцу ў выпадку збіцця і аб’юзу (так-так, успомнім пра закрыццё цэнтра «Радзіслава»), што гвалт у грамадстве непрымальны абсалютна (тут давядзецца неяк выкручвацца, бо сілавікі з іх дубінкамі не ўвязваюцца ў кантэкст). Растлумачце моладзі, што людзі не статак, што дзеці мусяць нараджацца ў здаровых адносінах і ў любым узросце, калі гэтае жаданне з’явіцца. І ў сорак нараджаюць, і ў трыццаць, і гэта нармальна.
Але галоўнае — стварыце нармальную дзяржаву, якая жыве для свайго народа. А не высмоктвае з яго ўсе рэсурсы з абавязковым патрабаваннем абсалютнага падпарадкавання. Дзе закон адзіны для ўсіх, а не толькі для абраных. Калі нарэшце асудзяць не мужчыну, які пісаў каментары пра сілавікоў, а сілавіка, які збіў хлопца ці дзяўчыну да крывавых дзірак на целе.
Нам усім хочацца, каб грамадства было нармальным, а дзеці — шчаслівымі. Толькі шчасце немагчымае ў аўтарытарнай сістэме, дзе кожны дзень і ноч затрымліваюць людзей за іх працу, за рэпост або выказаныя погляды, апісаныя ў пасце ў Facebook. Немагчымае і з тымі, хто, будучы слугамі народа, лічыць, што іх дзейнасць абмяжоўваецца толькі ўказамі і загадамі без зваротнай сувязі і справаздачнасці пра сваю працу.
Успамінаю, як некалькі гадоў таму я прыйшла да чыноўніцы, каб спытаць для невялікай нататкі для аднаго партала, калі плануецца будаўніцтва новага садка ў Каменнай Горцы і што рабіць тым, хто не можа аддаць свайго малога ў найбліжэйшыя яслі. Цётка з начосам і ў белай блузцы мне проста сказала: «Пайшла прэч».
Гэтае «пайшла прэч» і ёсць сутнасцю ўсяго клопату дзяржавы пра беларускія сем'і. Фікцыя і нічога больш. Таму, не надта паважаныя чыноўнікі і чыноўніцы, калі мы — пакаленне тых, хто ад вас патрабуе, то нашыя дзеці ўжо нічога патрабаваць не будуць. Яны проста больш не хочуць жыць у краіне, дзе не засталося нічога, акрамя страху.