Гэта гвалт? Кароткі даведнік для падлеткаў

Гвалт — гэта тое, чаго не мусіць быць у добрым, ідэальным свеце. Але ён ёсць у нашым неідэальным. І мае шмат абліччаў. Праект Sojka адказвае на найбольш частыя пытанні, якія могуць паўстаць у дзяцей і падлеткаў, наконт таго, што такое гвалт.

_zabarona___kraina___belarus___minsk__fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas__2___5__logo.jpg

Гвалт — гэта бязладнае гучанне мноства галасоў. А яшчэ гвалт — гэта калі нехта робіць з вамі тое, чаго вам не хочацца. Гвалт — гэта тое, чаго не мусіць быць у добрым, ідэальным свеце. Але ён ёсць у нашым неідэальным. І мае шмат абліччаў, часам б’е ў твар, выкарыстоўвае, крыўдзіць, а часам удае іншага — турботу, апеку, клопат. Часам жа нічога наогул не адбываецца, але звонкая цішыня, якая вісіць у паветры замест словаў прымірэння і падтрымкі, — гэта таксама гвалт.

Разам з Воляй Сарокай, псіхалагіняй RedCapMustCry — мабільнай гульні супраць гвалту, — Sojka разбірае відавочныя і не вельмі відавочныя яго праявы. 

Глядзіце таксама

На мяне крычыць настаўніца — гэта гвалт?

Так, гэта форма псіхалагічнага гвалту. Што да школы, сюды яшчэ можна аднесці зневажанне, параўнанне з іншымі і выстаўленне ў негатыўным святле — асабліва калі гэта робіцца навідавоку ва ўсяго класа, а таксама забарона казаць пра гэта бацькам, непрадказальныя паводзіны ў дачыненні да дзіцяці. Праз тое, што гэтак паводзіць сябе дарослы, дзіця можа меркаваць, што гэта з ім нешта няправільна, бо дарослы заўсёды мае рацыю, — але гэта не так.

Што рабіць? Раскажыце пра тое, што адбываецца, класнаму кіраўніку, бацькам, папрасіце іх пагаварыць з настаўніцай. Яны павінны прагаварыць наступствы такіх паводзін і дзейнічаць, калі нічога не зменіцца. Паразмаўляйце з іншымі дзецьмі — як яны гэта ўспрымаюць. На жаль, не заўсёды ўдаецца прыйсці да дамоўленасці, і ў скрайнім выпадку выйсце — змяніць клас ці школу.

Калі я дам здачы — гэта злачынства?

Тут выходзіць, што гвалт спараджае гвалт. Вядома, не ўсё так проста. Сам фізічны гвалт (вас нехта стукнуў, балюча ўшчыкнуў, скруціў рукі і г. д.) успрымаецца як сур’ёзная пагроза, таму псіхіка імкнецца абараніцца. У кожнага свой стыль рэагавання на напад. Важна не толькі як мы рэагуем падчас канфлікту, але і што мы робім пасля.

Глядзіце таксама

Што рабіць? Дайце час астыць сваім эмоцыям, падыхайце. Пасля прапануйце абмеркаваць тое, што адбылося — кажыце пра свае пачуцці і пра тое, што для вас не нармальныя такія паводзіны ў свой бок. Спыніць гэта замкнёнае кола можна змяніўшы сваю рэакцыю. Напрыклад, не даваць здачы, а сказаць: «Мне балюча тое, што ты робіш, не рабі так болей. Калі так будзе і далей, мне будзе складана і страшна падтрымліваць з табой стасункі. Чаму ты так робіш? Як мы можам далей сябраваць?». Папрасіце дапамогі дарослага (настаўніка, псіхолага, бацькоў) — не трэба трываць і замыкацца з гэтым сам-насам, бо ніхто не мае права пагражаць вамі і біць вас — ні сябар, ні аўтарытэтны дарослы.

Мяне прымушаюць глядзець парнаграфічныя матэрыялы. Гэта лічыцца сэксуалізаваным гвалтам?

Так, кожны прымус ці дзеянні без вашай волі, якія носяць сэксуалізаваны характар, лічацца сэксуалізаваным гвалтам. Ён можа быць фізічным — дзе наўпрост парушаюцца вашы цялесныя межы (ласкі або пацалункі без вашай згоды, дотык да інтымных частак цела), і псіхалагічным (дэманстрацыя голага цела і прымус яго дакранацца, навязванне гутарак пра сэкс, маніпуляціы і пагрозы). Часта чалавек, які здзяйсняе гвалт, карыстаецца вашым даверам, а ва ўзаемадзеянні яго/яе клапоцяць толькі ўласныя патрэбы.

Глядзіце таксама

Што рабіць? Заручыцеся фізічнай бяспекай (сыходзьце, уцякайце, клічце на дапамогу). Гэта можа быць страшна зрабіць, але вы маеце права бараніць свае межы і патрабаваць павагі да іх. Скажыце аўтару_цы дзеянняў, што вам непрыемнае тое, што адбываецца, і папрасіце неадкладна гэта спыніць. Раскажыце пра тое, што з вамі адбылося, таму, каму вы давяраеце. Скажыце ёй ці яму, як яны могуць вас зараз падтрымаць і паклапаціцца пра вас. Разам звярніцеся па прафесійную дапамогу (юрыдычную, псіхалагічную, сацыяльную). Калі такога дарослага няма, можна пазваніць на тэлефон даверу, дзе вас будуць суправаджаць спецыялісты.

На мяне не крычаць і не б’юць, але бацькі мяне ігнаруюць. Гэта гвалт?

Так, занядбанне — гэта адна з формаў эмацыйнага гвалту. Тое, што на вас не крычаць і не б’юць, яшчэ не значыць, што пра вас клапоцяцца, бачаць вас і задавальняюць вашы патрэбы. Вы можаце пачувацца адрынутым, адчуваць адзіноту, віну і імкнуцца ўсімі сіламі прыцягнуць да сябе ўвагу. Агрэсіўнасць, крык, плач, частыя хваробы ці наадварот пазбяганне, маўклівасць — усё гэта робіцца ў надзеі быць заўважаным і адчуць прыхільнасць.

Што рабіць? Кажыце пра свае перажыванні і патрэбы бацькам. Растлумачце, што вам важна быць з імі і як на вас уплываюць іх паводзіны. Прапануйце, чаго б вы канкрэтна хацелі і як. Яшчэ вы можаце расказаць пра гэта школьнаму псіхолагу і папрасіць арганізаваць для вас супольныя сесіі, дзе вы зможаце разам абмеркаваць вашыя адносіны і патрэбы, выпрацаваць новыя правілы паводзінаў дома (супольны час па вечарах, праверка ўрокаў разам, новыя сямейныя традыцыі і г. д.). Пасля важна сачыць за іх выкананнем — спачатку можа быць складана, але чым даўжэй іх практыкаваць, тым больш яны робяцца новай нормай паводзін. Падумайце, з кім яшчэ, акрамя бацькоў, вы можаце атрымліваць пазітыўныя ўражанні — школьная секцыя, спорт, факультатывы — тыя месцы, дзе вам камфортна, дзе ёсць група аднадумцаў ці дарослы, які вас натхняе.

Мне не даюць самастойна выбіраць сабе адзенне і паказваюць, з кім сябраваць. Пры тым кажуць, што робяць гэта з клопатам пра мяне, бо «яны лепш ведаюць». Што мне рабіць?

Празмерная апека — гэта таксама форма эмацыйнага гвалту. Пад татальным клопатам бацькі могуць маскаваць жаданне кантролю, улады, свае ўласныя страхі. Усё гэта не пра павагу і бачанне вашай асобы. Яшчэ гэта можа выявіцца ў чытанні перапісак, загаду справаздачыцца пра тое, што вы рабілі ў вольны час, у прыняцці рашэнняў пра вашу будучыню за вас (дзе вучыцца, кім працаваць).

Глядзіце таксама

Што рабіць? Тут акцэнт на тым, што бацькі не заўважаюць вашых межаў, таму ключавым момантам будзе іх пазначэнне. Звярніце ўвагу бацькі ці маці на тое, што вы самі б хацелі справіцца з задачай. Магчыма, яны не звыкліся да такога і самі не заўважаюць, што замоцна вас апякуюць. Расказвайце пра свае памылкі і высновы, пра поспехі і пра тое, што гэты досвед каштоўны для вас.