Зігу Качанавай, рытуалы пад нагамі Леніна і «дзяды ваявалі». Афіцыйны крынж Дня Канстытуцыі
Сёння ў Беларусі адзначаецца 30 гадавіна прыняцця Канстытуцыі. Калі раней гэты дзень абмяжоўваўся адкрытым урокам, на якім дзеці зачытвалі рэфераты пра чырвона-зялёную кніжку, то цяперашнія падзеі ўсё больш нагадваюць духоўныя скрэпы расійскага свету. Паглядзелі, як замбуюць беларускіх школьнікаў.
Цырымонія адкрыцця
Пачнем з самай маштабнай акцыі, якая прайшла ў Горадні яшчэ ўчора: верагодна, каб «запіліць» здымачкі свята з самай раніцы.
Дзеянні адбываюцца ля падножжа помніка дзядулі Леніна, куды сагналі больш за 1000 вучняў з 30 школ горада. Адметна, што са ўсіх месцаў надзвычай прыгожай Горадні для такіх мерапрыемстваў заўсёды абіраецца адпаведная лакацыя, што адлюстроўвае эстэтыку аб’яднання ідэялогій камуністычнага рэжыму і яго «правапераемніка».
Дзяцей з 30 навучальных устаноў выстраілі ў выглядзе лічбы «30» (да 30-годдзя прыняцця Канстытуцыі) і прымусілі разам спяваць гімн; іншыя ў вайсковай форме трымалі вялізнае чырвона-зялёнае палатно. Шукаць сэнс у іх дзеяннях відавочна не мае сэнсу, але ўсё гэтае пакланенне бессэнсоўным сімвалам у вайсковым адзенні надзвычай нешта нагадвае.
Дзеці выстраіліся ў выглядзе літары «Z». Казань, Расія
«Брава! Трэба скласці яшчэ 1996 і далей па гадах, калі канстытуцыю мянялі. Уздыме патрыятычны дух моладзі, і як вынік, стане прафілактыкай наркаманіі і гомасэксуалізму. Адразу бачна па гэтых юных асобах, што яны сапраўдныя патрыёты і Заходнія каштоўнасці не пройдуць, Яны робяць сапраўды важную справу, і не ў якім разе не займаюцца маразматычнай # на холадзе ў свой вольны час», — піша беларус у каментрах пад публікацыяй Hrodna Lite ў Instagram.
Мастак Яраслаў Кірвель пад гэтым жа постам слушна адзначае, што прыймалі Канстытуцыію пад іншым сцягам і не ў такім выглядзе.
Глядзіце таксама
«Heil, Качанава»
Перамяшчаемся ў Мазыр, дзе праходзіць акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі», на якой дзецям сёння выдаюць «важныя дакументы» (так у артыкуле мясцовай газеты называюць пашпарты). Але не проста так, а за асаблівыя заслугі!
Каб атрымаць пашпарт ва «ўрачыстым становішчы», недастаткова быць проста беларусам. Па-першае, трэба дасягнуць значных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці, прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах, фестывалях творчай накіраванасці. Па-другое, атрымаць пашпарт з рук кіраўніка Мазыршчыны — «гэта вялікі гонар, прыемныя эмоцыі і магчымасць пазнаёміцца з новымі людзьмі».
Ну і перш чым атрымаць «важны дакумент», у якасці прысягі варта зігануць Качанавай!
Уручэнне пашпартоў дзяцям у Мазыры. Фота: Мазыр News
Дарэчы, у артыкуле прыводзіцца інструкцыя, чаго трэба дасягнуць, каб удастоіцца гонару і заслужыць пашпарт з рук Наталлі. Так, трэба быць пераможцам ваенна-патрыятычнай гульні «Зарніца», мець залаты значок Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, выйграць конкурсы юнага пажарнага-ратавальніка, юнага інспектара дарожнага руху, юнага сябра міліцыі — і ўсё, пашпарт ад Качанавай у кішэні!
А ўвогуле, мы зноў бачым надзвычайнае падабенства з сучаснымі тэндэнцыямі «старэйшага брата».
Расійскі падлетак-гоншчык Арцём Севярухін зігуе падчас узнагароджання
«Баю-бай, баю-бай, гімн грамчэй у сне спявай»
Хаця і здаецца, што Дзень Канстытуцыі ў дзіцячым садку — абсалютна новае вынаходства рэжыму, які пусціў метастазы аж да выхавання немаўлят, мясцовае выданне ў першым жа сказе артыкула адзначае, што мерапрыемства ўжо «традыцыйнае».
Сёння раніцай ў іўеўскім дзіцячым садку № 2 малышоў віншавалі з Днём Канстытуцыі: прычым гэта найбольш насычаная і жахлівая праграма, якую нам удалося знайсці па ўсёй рэспубліцы.
Дзеці спявалі песні «Наша армія моцная» і «Мая краіна», змагаліся ў спартыўных спаборніцтвах «Паштальёны», «Будуем дом», «Дапаможам хвораму», «Збяры заплечнік», «Збяры дзяржаўныя сімвалы Беларусі», слухалі гімн Рэспублікі Беларусь, танчылі «Вальс кветак», успаміналі подзвігі дзядоў.
Дзень Канстытуцыі ў іўеўскім дзіцячым садку. Фота: Іўеўскі край
Вось што піша Аксана Цыдзік, намесніца загадчыка дзіцячага сада №2 горада Іўе пра сённяшнія мерапрыемствы:
«У рамках святкавання Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь з дзецьмі сярэдняй групы праведзены тэматычныя заняткі «Мая радзіма Беларусь», дзе дзеткі слухалі гімн Рэспублікі Беларусь, замацавалі веды аб дзяржаўных сімвалах нашай краіны, пазнаёміліся з традыцыямі і звычаямі беларускага народа.
Шмат герояў розных казак сустрэлі дзетак на працягу дня: з кожным персанажам былі прадуманы розныя цікавыя і пазнавальныя заданні, гульні: пальчыкавая гімнастыка «Мая сям'я», гульня ў школу, рухомыя гульні «Воўк і парасяты», «Гусі-лебедзі», слоўная гульня «Добра і дрэнна», накіраваныя на фармаванні прававых ведаў у дзяцей дашкольнага ўзросту».
Глядзіце таксама
Гра ў Канстытуцыю на піяніна
У Бабруйску Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва зладзіў акцыю па прамыванні мозгу для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.
Супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі №5 расказалі ўдзельнікам мерапрыемства «Галоўны закон нашай краіны» аб тым, з якога года вядзе свой адлік канстытуцыйнае права, дзе захоўваецца першая Канстытуцыя Беларусі і хто з'яўляецца гарантам асноўнага закона.
Акцыя «Галоўны закон нашай краіны». Фота: Bobrlife
Дзецям паказалі прапагандысцкі ролік «Канстытуцыя Беларусі», зладзілі інтэрактыўную гульню «Закон, па якім жыве краіна» і тэматычную выставу «Закон міру і справядлівасці».
***
Мы назіраем вельмі жахлівую тэндэнцыю: з кожным годам «святкаванні» дзяржаўных святаў набіраюць усё больш вар'яцкія абрысы. Зайграныя ў «знішчы экстрэмізм» прыхільнікі рэжыму ўвогуле губляюць мяжу, што яны адзначаюць: «Гусі-лебедзі» перамешваюцца з перамогай над фашызмам, а таксама з «гундзяеўшчынай» і якаснай каўбасой з Савецкага Саюза, хаця, падаецца, святкуецца Дзень Канстытуцыі.
Адметна і тое, што найбольшая ўвага надаецца Гарадзеншчыне — рэгіёну, у якім раней вялікая частка дзяцей выязджалі зя мяжу праз блізасць да Польшчы і Літвы, праз што рэжым адчувае пагрозу.