«Настаўніца паехала дахам». Як школьнікі рэагуюць на ваенна-патрыятычнае выхаванне?
Пасля пратэстаў і пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ў беларускіх школах з'явіўся трэнд на мілітарызацыю. «Медыязона» паразмаўляла з блізкімі школьнікаў і настаўніцай мінскай школы і расказвае, як па-рознаму дзеці ставяцца да гэтага трэнду.
Імёны ўсіх герояў у тэксце змененыя.
Малюнак мары і «мусаўскі гурток»
У лютым 2022 г. пяцікласнікаў адной з мінскіх школ папрасілі намаляваць сваю мару. Больш за палову вучняў прынеслі на ўрок антываенныя малюнкі.
Пяцікласнік Пеця намаляваў аўтамат і перакрэсліў яго, напісаў «не вайне», — распавяла «Медыязоне» яго сястра Вераніка.
«Гэта — маё галоўнае жаданне», — растлумачыў школьнік.
Яшчэ адна гісторыя з Пецевай школы: неўзабаве пасля пачатку вайны пяцікласнік заявіў настаўніцы рускай мовы, што яму не патрэбныя руская мова і літаратура, таму што «расіяне — акупанты». Педагог напісала на яго дакладную. Як зараз справы ў таго падлетка, Вераніка не ведае.
У гэтым годзе класная кіраўніца Пеці прапанавала дзецям уступіць у «мусаўскі гурток» — такія арганізоўваюць па ўсёй Беларусі з траўня 2022 года. Ідэя ваенна-патрыятычных клубаў належыць камандуючаму ўнутранымі войскамі Мікалаю Карпянкову.
У сацыяльных сетках школ можна знайсці пасты аб працы гэтых клубаў — на фота дзеці ў форме і са зброяй, спяваюць гімн, займаюцца са спецназам і адкрываюць «патрыятычныя» помнікі. Адзін з ролікаў аб працы клуба «Мужнасць» змантаваны пад песню «Гуляй дэсантура — сёння твой дзень».
Пецеваму класу настаўніца пералічыла ўсе, як яна гэта назвала, перавагі ваенна-патрыятычных заняткаў: ваенная форма, стральба з пнеўматычнай зброі і запіс у характарыстыцы, расказвае сястра пяцікласніка. І напісала зварот да бацькоў:
«На базе нашай школы з сакавіка адчыняецца гарадскі патрыятычны клуб скіраванасці РУУС. Пасля заканчэння будзе выдавацца сертыфікат, што з'яўляецца прывілеем пры паступленні ў Акадэмію МУС і іншыя ведамствы. Плюс — запіс у абавязковай характарыстыцы пры заканчэнні школы. Уступіць у клуб могуць і хлопчыкі і дзяўчынкі. Нашэнне статутнай формы адзення ў школе на пастаяннай аснове (форму будуць шыць і выдаваць штогод бясплатна). У праграме: спартовая падрыхтоўка, рукапашны бой, пнеўмастральба, цір МУС, паездкі, экскурсіі, мерапрыемствы патрыятычнай скіраванасці».
Бацькі вучняў Пецевага класа на гэтыя прапановы не рэагавалі, паведамленні ад класнай з просьбамі запісаць дзяцей у патрыятычны гурток з'яўляліся некалькі разоў.
«Дзецям гэта ўсё не трэба. Падлеткі — ім пагуляць у тэлефоне і пагутарыць адзін з адным толькі трэба, а не вось гэта вось усё. Смяюцца і гавораць «ну так, настаўніца паехала дахам». Прычым яна не старая, гэта маладая настаўніца, ёй каля 40 гадоў», — кажа сястра хлопчыка.
На адной з класных гадзін кіраўніца распавядала пра Другую сусветную вайну, пакуль яе не перабілі: «Гэта ж тое ж самае, што зараз рускія ва Украіне робяць, яны таксама забіваюць людзей». Настаўніца стала адказваць, што гэта «ўкраінцы забіваюць рускіх».
Гімн і прыгожая форма
У школе ў маленькім горадзе ля мяжы з Украінай дзяцей «амаль кожны тыдзень» выклікаюць на лінейкі, дзе яны спяваюць гімн, распавяла «Медыязоне» Інга, сястра траіх школьнікаў.
«Таксама раз на тыдзень праводзяць факультатывы, дзе расказваюць пра Лукашэнку, вайну і гэтак далей. Ну, а астатняе ужо ад настаўнікаў залежыць», — патлумачыла дзяўчына.
Паводле яе словаў, у 2020 годзе камісія выбарчага ўчастка ў школе паказала вынікі галасавання: 80% галасоў былі за Святлану Ціханоўскую. Пасля гэтага ў школе змяніўся дырэктар.
«Але бацькі ж засталіся тыя ж самыя, як і дзеці. Думаю, што ў дзяцей эмпатыя развіта нашмат больш, чым у нас дарослых. За дзяцей, якая б там навука ў школе не была, мабыць, перажываць не трэба».
Сястра яшчэ адной школьніцы — ужо з Брэсцкага раёна — кажа, што некаторыя дзеці самі сыходзяць з «запланаваных заняткаў па патрыятызме». Класная кіраўніца гэтаму не перашкаджае, «бо ўсё разумее і сама супраць такіх размоваў».
Пра сітуацыю ў сваёй школе «Медыязоне» распавяла таксама настаўніца сярэдняй школы ў Мінску. Паводле яе словаў, некаторым дзецям з 3 ці 4 класаў падабаецца ваеншчына.
«Гэтая ніша не занятая, таму ім цікава, таму іх гэта зацягвае. Некаторыя дзеці не маюць бацькоў, некаторыя не вельмі находзяць сябе ў грамадстве. А гэты патрыятычны клас ходзіць у прыгожай форме».