Суды над прафсаюзнымі актывістамі ў Полацку
У Полацкім раённым судзе 16 траўня разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненні да намесніка старшыні Свабоднага прафсаюза беларускага Міколы Шараха і кіраўніка суполкі Свабоднага прафсаюза на вытворчым аб’яднанні «Полацк-Шкловалакно» Віктара Стукава.
Абодвух вінавацяць у правядзенні несанкцыянавага пікета. Судовыя паседжанні прызначылі ў адзін дзень і адзін час.
За ўдзел у пікеце, які адбыўся 28 красавіка, Віктара Стукава аштрафавалі на 5,25 мільёна рублёў, а Міколу Шараха акрамя арт. 23.34 КаАП звінавацілі яшчэ і ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па артыкуле 23.4 КаАП і пакаралі штрафам у памеры 6,3 мільёна рублёў.
Як паведамляюць полацкія праваабаронцы, сведкамі былі супрацоўнікі міліцыі: І.Скарабагатаў, С.Багумірскі,а таксама Емельянаў Ігар Вітальевіч– старэйшы інспектар ООПП Полацкага райвыканкама і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Ганебная Наталля Віктараўна. Усе яны сведчылі, што Віктар Стукаў і Мікалаў Шарах удзельнічалі ў пікеце і раздавалі газету “Сцякляшка”.
Суддзя Коласава Ю.М. адхіліла хадатайніцтва Віктара Стукава аб спыненні вытворчасці па справе на падставе таго, што пікет арганізоўваўся не ім і Мікалаем Шарахом, а пярвічнай арганізацыяй Свабоднага прафсаюза беларускага, па рашэнню калегіяльнага кіруючага органа, а ён, як старшыня, дзейнічаў падпарадкоўваючыся гэтаму рашэнню і Статуту. Таксама суддзя не прыняла да ўвагі спасылку на 87-ю Канвенцыю Міжнароднай арганізацыі працы, згодна з якой дзяржавы-щдзельніцы, у тым ліку Рэспубліка Беларусь, абавязаліся ўстрымацца ад умяшання ў прафсаюзную дзейнасць.
Віктар Стукаў сцвярджаў, што згодна з гэтай Канвенцыяй меў права праводзіць прафсаюзнае мерапрыемства, прысвечанае парушэнню правоў супрацоўніка ОАО “Шкловалакно”, а нормы беларускіх законаў, у тым ліку Закона аб масавых мерапрыемствах, не могуць супярэчыць ратыфікаваным міжнародным дамовам і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе свабоду мірных сходаў. Сведка Емяльянаў І.В., на запытанні Віктара Стукава, не змог адказаць, ці была нанесена шкода грамадскаму парадку, па яго меркаванню згодна з КаАП гэта пытанне не патрабуе высвятлення.
На прэс-канференцыі, што адбылася пасля суда, на офісе Свабоднага прафсаюза беларускага Віктар Стукаў і Нікалай Шарах адзначылі, што вынік суда быў цалкам чаканы, неспадзяваным быў толькі памер штрафаў. Рашэнне суда — гэта парушэнне права на мірныя сходы, Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы.
Яны зазначылі, што іх мэта давесці да суда прыярытэт нормаў міжнароднага права і, што рашэнні павінны прымацца з іх улікам.
Трэба адзначыць, што апошні санкцыянаваны пікет у Полацку Свабоднаму прафсаюзу беларускаму удалася правесці у 2010 годзе, а за 2012 яны атрымалі 7 адмоваў на свае заявы ад тады яшчэ Полацкага гарвыканкама.
Віктар Стукаў і Мікалай Шарах маюць намер абскарджваць рашэнне Полацкага раённага суда.
Пікет адбыўся ў Полацку 28 красавіка. Актывісты пратэставалі супраць звальнення з прадпрыемства «Полацк-Шкловалакно» Міколы Шараха. Пасля акцыі людзі ў цывільнай вопратцы затрымалі яго і даставілі ў міліцыю, дзе склалі два пратаколы за непадпарадкаванне міліцыі і несанкцыянаванае пікетаванне. На наступны дзень пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне склалі і на Віктара Стукава.