Як інваліда прымусілі прыбыць у Мінск на суд, які не адбыўся
78-гадовага інваліда другой групы з райцэнтру Крупкі, што ў Мінскай вобласці, прадстаўнікі праваахоўных органаў змусілі прыехаць у сталіцу на суд, які не адбыўся.
Гэта непрыгожая гісторыя адбылася сёння, 16 мая, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска з пенсіянерам, ветэранам працы і актывістам Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры Барысам Канстанцінавічам Бабком.
Як распавёў карэспандэнту НЧ спадар Барыс, 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды ён разам з іншымі актывістамі ініцыятывы браў удзел у пікетаванні супраць адпісак чыноўніцтва на звароты грамадзян.
13 мая старшы лейтэнант Крупскага РАУС, які не прадставіўся, прыйшоў дадому да спадара Барыса і паведаміў, што суд Цэнтральнага раёна горада Мінска вынес пастанову аб яго прымусовым дастаўленні ў гэты суд да 12.00 16 мая. Пры гэтым міліцыянт папярэдзіў грамадзяніна, што калі той адмовіцца прыбыць у суд добраахвотна, дык будзе прымусова дастаўлены ў кайданках.
Затым невядомы старшы лейтэнант міліцыі яшчэ раз усё гэта нагадаў Барысу Канстанцінавічу 15 мая, а 16 мая прыйшоў да інваліда а 6.30 раніцы, каб пракантраляваць выкананне свайго папярэджання.
Аднак пасля таго, як пажылы чалавек прыехаў у сталіцу, на дошцы аб’яваў суда Цэнтральнага раёна ён не знайшоў інфармацыі пра судовы працэс са сваім удзелам.
Але спадар Барыс ад шпіталізацыі адмовіўся, бо чакаў высвятлення ўсіх абставінаў наконт суду.
Праз некалькі гадзін мужчыне стала вядома, што пасля таго, як суддзя суду Цэнтральнага раёна Міхаіл Хома накіраваў на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС Мінска адміністрацыйную справу на Барыса Бабка, гэтая справа 13 мая насамрэч вярнулася ў суд. Зараз справу перадалі суддзі Вікторыі Шабуні, якая будзе яе разглядаць 20 мая а 12.00.
У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей назвала гісторыю са спадаром Барысам “праяўленнем беззаконня і тэлефоннага права, што і па сёння гаспадарыць у краіне”. На яе меркаванне, менавіта суддзя Міхаіл Хома ініцыяваў такі здзек з немаладога інваліда. “Ці сам суддзя, ці іншы супрацоўнік суду па тэлефоне паведамілі ў Крупскі РАУС не адпавядаючую рэчаіснасці інфармацыю пра пастанову аб прымусовым дастаўленні грамадзяніна ў суд. І гэтая інфармацыя была даведзена да Барыса Бабка. Аднак у адміністрацыйнай справе на яго вышэйназваная пастанова адсутнічае”, — сказала юрыстка.
Яна звярнула ўвагу на тое, што згодна заканадаўству, пасля атрымання справы з Цэнтральнага РУУС суддзя Міхаіл Хома быў абавязаны выклікаць Барыса Бабка ў суд позвай, каб грамадзянін меў час на падрыхтоўку да судовага працэсу. “А паколькі спадар Барыс увогуле не атрымаў аніякай позвы з суду, мы будзем выяўляць усіх “герояў” гэтай ганебнай і прыкрай гісторыі”, — заявіла Тамара Сяргей.
Барыс Бабок
Трэба дадаць, што інжынер-механік Барыс Бабок шмат гадоў узначальваў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Крупскага раёна, працаваў намеснікам старшыні Крупскага райвыканкама па будаўніцтве, за сваю добрасумленную працу адзначаны ордэнам “Знак Пашаны” і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Увогуле, усё тое, што адбылося днямі з гэтым працавітым і прыстойным чалавекам, не толькі абражае ягоныя гонар і годнасць, але і з’яўляецца здзекам з артыкула 47 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе пазначана, што “дзяржава праяўляе асаблівы клопат пра ветэранаў вайны і працы”.
На гэты конт Барыс Бабок пакінуў сваю скаргу ў Кнізе заўвагаў і прапановаў суду Цэнтральнага раёна і накіраваў скаргу старшыні Вярхоўнага суду краіны.