«Суд ужо хутка». Справа журналістак «Белсату» перададзена ў пракуратуру

Пра гэта «Свабодзе» расказаў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш. Навінаў пра завяршэнне расследавання ў справе Кацярыны Барысевіч з Tut.by пакуль няма.

9c87ad71_6fcd_45d6_808d_a27a30695113_w1023_r1_s.jpg

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада разам з апэратаркай Дар’яй Чульцовай падчас стрыму з аднаго з дамоў, размешчаных на «плошчы Перамен». 20 лістапада абедзьвюм дзяўчынам выставілі абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Журналістак перавялі з Акрэсціна ў СІЗА Жодзіна, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі. Як расказаў муж Кацярыны Андрэевай Ігар Ільяш, суд у справе яго жонкі можа пачацца ўжо ў бліжэйшыя тыдні.

«Матэрыялы справы Кацярыны знаходзяцца ў пракуратуры, — гаворыць Ігар. — Ведаю з ліста ад яе, што Каця чакае ўжо этапавання ў Менск. Яна піша, што чакае суду, але не робіць ніякіх прагнозаў наконт яго выніку. Дату этапавання і суду пакуль не прызначылі, падрабязнасцяў пра гэта мы не ведаем. Можна меркаваць, што ў суд справу перададуць у сярэдзіне студзеня».

Ігар Ільяш зазначае, што следзтва было хуткім: Кацярыну затрымалі 15 лістапада, а 20-га выставілі абвінавачанне.

«Відавочна, нейкі план у гэтых людзей, якія давалі дабро на Каціну справу, ёсць. Калі параўнаць з тым, што адбываецца з Ігарам Лосікам, якога трымаюць паводле таго ж артыкулу з лета мінулага году, то ў мяне два варыянты тлумачэньня такой хуткасці, — кажа Ігар. — Альбо яны хочуць зрабіць паказальна жорсткі прысуд, каб запалохаць журналістаў. Сігнал, каб не вялі ніякіх стрымаў, не асвятлялі пратэстаў. Альбо іншы варыянт — хочуць «намаляваць» мяккі прысуд, штраф альбо ўмоўны тэрмін ці хатні арышт. Каб хваля салідарнасьці знікла, каб не было падставаў зноў і зноў гаварыць пра арышт журналістак. І адначасова можна было б абмежаваць іх у прафэсійнай дзейнасьці».

Паводле Ігара Ільяша, судзіць Кацярыну Андрэеву будуць разам з Дар’яй Чульцовай. Адвакатка Дар’і знаходзіцца пад падпіскай аб невыдаваньні і амаль не дае інфармацыі пра стан яе падабароннай. Бацькі таксама неахвотна кантактуюць са СМІ. Аднак Чульцова і Андрэева паўсюль у дакументах і матэрыялах справы праходзяць разам, таму можна меркаваць, што іх справа павінна разглядацца таксама ў адным працэсе.

Першы тыдзень арышту Чульцова і Андрэева нават знаходзіліся ў адной камэры, але потым іх раздзялілі. Журналісткі толькі аднойчы бачыліся ў калідоры СІЗА ў Жодзіне.

«Кацярына з кожным днём усё цяжэй пераносіць зняволенне, гэта адчуваецца, — кажа Ігар Ільяш. — Але яна захоўвае бадзёры настрой, баявы. У прынцыпе, яна ад самага пачатку рыхтавалася, што можа быць арышт, такое развіццё падзей. Крымінальная справа за прафесійную дзейнасць. Яна рыхтавалася псіхалагічна. Таму ў гэтым плане яна трымаецца. Вядома, бываюць ноткі дэпрэсіўныя ў лістах. Але гэта натуральна. Я па сабе ведаю, што нават калі 15 дзён сядзіш, то бываюць перапады настрою. У цэлым Каця трымаецца добра. Што да стану здароўя, то пасля пераводу ў Жодзіна ў Каці былі два моцныя алергічныя прыступы. Але потым ужо ўсё ў парадку, яна больш не скардзілася».

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч за кратамі ўжо 52 дні. Першыя некалькі сутак яна правяла ў «амерыканцы», затым яе перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага. Пра ход расследавання справы «аб выдаваньні лекарскай тайны, якое мела цяжкія наступствы» амаль нічога невядома. Разам з Барысевіч у ёй праходзіць лекар Арцём Сарокін, які таксама знаходзіцца пад вартай. Вядома, што да Барысевіч у СІЗА даходзяць далёка не ўсе лісты. Сама журналістка піша, што чакае суду, на ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Да яе даходзяць перадачы, настрой бадзёры.