Суд над блогеркай Вольгай Такарчук пачнецца 16 снежня

Справу 36-гадовай Вольгі Такарчук пачнуць разглядаць 16 снежня ў судзе Заводскага раёна Мінска. Судовы працэс будзе весці суддзя Алена Капцэвіч, паведамляе «Радыё Свабода» са спасылкай на «Вясну».

Вольга Такарчук

Вольга Такарчук


36-гадовую Вольгу Такарчук вінавацяць па трох артыкулах:
«Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі);«Паклёп» (арт. 188 КК);«Абраза суддзі» (ч. 1 арт. 391 КК).
Паводле Следчага камітэта, Такарчук прымала ўдзел у пратэсных маршах у Мінску 30 жніўня, 20 верасня і 1 лістапада 2020 года. Яна нібыта «знаходзілася ў першых шэрагах», «блакавала рух транспарту», «выкрыквала лозунгі».
Блогерку вінавацяць таксама ў тым, што яна 14 студзеня 2021 года апублікавала на Youtube відэа, якое «не адпавядае рэчаіснасці» і «ганьбіць сацыяльнага педагога адной з гімназій у Брэсцкай вобласці».
Таксама Вользе закідаюць відэаролік нібыта з «абразамі суддзі Першамайскага раёна Мінска» і «ненарматыўнай лексікай». У снежні 2020 года Вольгу Такарчук аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у мітынгу. Гэтым фактам яна і абуралася ў сваім відэа. Раней яе таксама судзілі па адміністрацыйных справах за ўдзел у мітынгах.
Вольга Такарчук — блогерка, дызайнерка, маці дваіх малых дзяцей. Яе затрымалі сёлета 19 траўня па крымінальнай справе. Яна сядзіць у турме № 8 у Жодзіне.