«Расці разумным, памятай, што ты беларус». Віктар Бабарыка адказаў з калоніі на ліст 7-гадовага хлопчыка

Штаб палітыка Віктара Бабарыкі, які знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі, апублікаваў яго перапіску з сямігадовым хлопчыкам.

photo_2021_04_05_17_44_58.jpg



«Віктар Бабарыка, добры дзень! Нам вельмі шкада, што ты ў турме. Як у цябе справы? А на колькі гадоў цябе пасадзілі ў турму?! Мяне завуць Цімур! Я хаджу ў 1 клас, у майго класа літара «В» — 1В. Мне 7 гадоў, у верасні ў мяне Дзень нараджэння! А калі ў цябе ДН? Я займаюся шахматамі! У класе ў мяне закахаліся дзяўчынкі!!! Я люблю збіраць лега. А хто цябе пасадзіў у турму? У мяне ёсць малодшы брат яму 3 гады. З надыходзячым Новым годам цябе. Я люблю займацца футболам. Мне вельмі весела, калі я ў яго гуляю. Да пабачэння», — напісаў першакласнік.

2021_12_03_18.17.06.jpg

«Добры дзень, Цімур! Дзякуй вялікі за ліст! Мяне пасадзілі ў турму дрэнныя людзі на 14 гадоў, але я думаю, што ты вырасцеш і вызваліш мяне. Мой дзень нараджэння ўжо быў 9 лістапада. А я вучыўся ў класе з літарай «Б» усе 10 гадоў. Малайчына, што займаешся шахматамі, значыць, хочаш быць разумным. Ды і збіраць лега гэта вельмі цікава і карысна. Мой сын Эдуард таксама любіў лега. А дзяўчынак не крыўдзі, яны хочуць, каб ты пра іх клапаціўся і абараняў. Слухайся бацькоў і расці разумным хлопчыкам. І заўсёды памятай, што ты беларус», — адказаў Віктар Бабарыка.

Нагадаем, 6 чэрвеня 2021 года Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Былы старшыня праўлення «Белгазпрамбанка» абвінавачваўся ў легалізацыі злачынных даходаў (ч. 2 арт. 235 КК) і атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 430 КК). Ён не прызнаў віну і адмовіўся ад дачы паказанняў. У апошнім слове ён сказаў, што не можа прызнацца ў злачынствах, якіх не здзяйсняў.

Паводле reform.by.