Палітвязня Данііла Скіпальскага збілі пасля прысуду. За кратамі ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы с зубамі

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што ў мазырскім ІЧУ пасля прысуду збілі палітзняволенага футбольнага фаната Данііла Скіпальскага. 23 лістапада суд пакараў 20-гадовага хлопца пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады.

skipalsky.jpg

На спатканні з маці Данііл распавёў, што калі пабачыў падчас прысуду сваіх сваякоў і блізкіх, то абурыўся несправядліваму рашэнню суда і таму, што не мог бачыць родных праз закрытыя пасяджэнні. Па яго словах, на эмоцыях пасля прысуду ўжо ў ІЧУ ён пачаў буяніць, і, каб супакоіць яго, міліцыянты пачалі моцна збіваць хлопца. Маці адзначыла, што слядоў пабояў на твары не відаць, але размаўляе ён «у нос». Акрамя гэтага, хлопец паскардзіўся, што да гэтага часу не можа адмыць ручнік ад крыві. Па словах Данііла, яму зрабілі нейкі ўкол, каб супакоіць.
Таксама ў палітвязня пачаліся праблемы с зубамі з-за дрэнных умоваў за кратамі, у яго нават выпаў зуб. Пры гэтым, лекары адмаўляюцца лячыць зубы. Данііл тройчы пісаў у СІЗА заяву на выклік стаматолага, бо ўжо не можа жаваць цвёрдую ежу, так як яна забіваецца ў дзіркі. Але стаматолаг прапанаваў вырваць іх замест таго, каб лячыць. На адмову Данііла лекар наўпрост сышоў.
Сукамернікі, якія сядзелі са Скіпальскім у мазырскім ІЧУ распавялі, што арыштанты спалі на дошках, «шмон» праходзіў чатыры разы днём і ноччу, прадукты ад родных не перадавалі, святло гарэла ўсю ноч.
Падтрымайце палітвязня лістамі салідарнасці: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А